Апытанне НІСЭПД: Беларусы аддаюць перавагу Расіі перад Еўрасаюзам
30.09.2015 / 08:06
Выбіраючы паміж аб'яднаннем з Расіяй і ўступленнем у Еўрасаюз больш за палову беларусаў лічаць за лепшае першы варыянт і толькі 26% — другі. Пра гэта паведамляе па выніках свайго вераснёўскага апытання Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), зарэгістраваны ў Вільні.
На гіпатэтычным рэферэндуме аб уступленні ў Еўрапейскі Саюз «за» сёння прагаласавалі б 27,5%, «супраць» - 51,9% (у чэрвені гэтага года - 25,1% vs. 51%). На рэферэндуме пра аб'яднанне Беларусі і Расіі «за» прагаласавалі б 32,6%, «супраць» 49,1% (у чэрвені 28,3% vs. 50,9%).
Калі ў адказах на пытанне аб выбары «або-або» у чэрвені «за» аб'яднанне з РФ было 51,4%, а за ўступленне ў ЕС 31,4%, то сёння 52,7% vs. 26,4%.
На думку 28,1% рэспандэнтаў, у Беларусі да краін Захаду ставяцца з павагай або спачуваннем, 21,1% - з трывогай, 15,1% - з пагардай або страхам, 32,8% - без асаблівых пачуццяў.
Да ЗША ў цэлым ставяцца вельмі добра / хутчэй добра 43,2%, хутчэй дрэнна / вельмі дрэнна 42,2% (у Расіі, па дадзеных Левада Цэнтра, адпаведна 21% vs. 68%).