Рада Федэрацыі Расіі дазволіла выкарыстоўваць ваенна-паветраныя сілы ў Сірыі
дапоўнена
30.09.2015 / 11:11
Верхняя палата расійскага парламента дала згоду ў сераду, 30 верасня, выкарыстоўваць ваенна-паветраныя сілы ў Сірыі
Са зваротам да Рады Федэрацыі выкарыстоўваць узброеныя сілы за межамі Расіі звярнуўся прэзідэнт Уладзімір Пуцін.
У сакавіку 2014 года Рада Федэрацыі прыняла пастанову «Аб выкарыстанні Узброеных сіл на тэрыторыі Украіны». Яна была адменена 25 чэрвеня таго ж года пасля таго, як Крым быў далучаны да Расіі.
Войскі Расійскай Федэрацыі могуць прымяняцца за мяжой пасля пастановы Рады Федэрацыі. Зацвярджэння ў іншых інстанцыях рашэнне верхняй палаты парламента не патрабуе.
Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Расіі Сяргей Іваноў паведаміў, што да Уладзіміра Пуціна з просьбай аб аказанні ваеннай дапамогі звярнуўся прэзідэнт Сірыі Башар Асад.
«У сувязі з гэтым хачу вас праінфармаваць, што прэзідэнт Сірыйскай Арабскай Рэспублікі звярнуўся да кіраўніцтва нашай краіны з просьбай аб аказанні ваеннай дапамогі. Такім чынам, можна канстатаваць, што з тэрарызмам, вядома, змагацца трэба, трэба аб'ядноўваць намаганні, але пры гэтым неабходна выконваць нормы міжнароднага права», — сказаў Іваноў журналістам.
Іваноў падкрэсліў, што гаворка ідзе выключна аб аперацыі ваенна-паветраных сіл, выкарыстанне вайскоўцаў на зямлі выключана.