Дырыжор мураваных харалаў: Тамары Габрусь — 70 гадоў
Славутая даследчыца архітэктуры Беларусі святкуе юбілей. Піша Сяргей Харэўскі.
02.10.2015 / 22:21
Бог чалавеку дар надаў — тварыць!
І нашы продкі цудаў шмат стварылі.
Мы ж з тых крыніц жывой вады адпілі
Як Богу нам удзячнымі не быць?!
Мы дакраналіся да залатых скарбніц,
Дзе захавалі людзі самае святое,
І Бог адкрыў нам хараство такое,
Што нельга нам удзячнымі не быць!
Мы колькі ўжо гадоў вякоў сплятаем ніць
І паяднаныя шчаслівым гэтым лёсам
І ўсе, хто адчувае гэта, проста
Не могуць Богу ўдзячнымі не быць!
Тамара Габрусь
Тамара Віктараўна Габрусь – слынная даследчыца гісторыі архітэктуры і манумэнтальнага мастацтва Беларусі, аўтар соцень навуковых артыкулаў і шматлікіх кніг, што складаюць падмурак айчыннае гістарыяграфіі па праблемах станаўлення, развіцця і аховы здабыткаў беларускае даўніны.
Яе кнігі: «Помнікі манументальнага дойлідства Міншчыны», «Мураваныя харалы: сакральная архітэктура беларускага барока», «Саборы помняць усё: готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі» – сталі абавязковымі крыніцамі для вывучэння нацыянальнае спадчыны. А на падручніку Тамары Габрусь «Мастацтва бачыць свет» ужо вывучылася ды ўзгадавалася пакаленне беларускіх школьнікаў.
Да даго ж, выдатная даследчыца піша вершы і сцэнары для дакументальных фільмаў.
Апошняя кніга Тамары Габрусь, «Сакральнае дойлідства Беларусі: 1000-гадовая спадчына» прысвечаная нашай храмавай архітэктуры, сталася яшчэ адным важкім унёскам славутай даследчыцы ў скарбонку айчыннае навукі.
Габрусь нарадзілася ў спустошаным паваенным Мінску. Яе бацька, Віктар Лукашавіч Хадыка, быў родам з Сенненшчыны, — адзін з першых інжынераў-будаўнікоў, якія атрымалі цалкам беларускую адукацыю.
Яе брат Юры Хадыка – доктар фізіка-матэматычных навук, вядомы папулярызатар класічнае беларускае культуры, ініцыятар стварэння Музея старажытнабеларускай культуры.
Муж Тамары Віктараўны — Іван Габрусь, кандыдат філасофскіх навук, нарадзіўся ў вёсцы Казулічы, дзе колісь настаўнічаў Пімен Панчанка.
У далёкія 1960-я гады, маючы школьны залаты медаль, Тамара Габрусь паступіла на архітэктурнае аддзяленне Беларускага політэхнічнага інстытута. Пасля, паводле размеркавання, яна пачала сваю прафесійную дзейнасць у інстытуце «Белпрампраект».
А летам 1968 г., літаральна праз некалькі дзён пасля заканчэння БПІ, яна спрычынілася да ініцыятыўнай групы, якая збіраліся ў вандроўку па тых мясцінах Беларусі, што цяпер складаюць асноўныя турыстычныя маршруты нашае краіны.
Гэтую групу сабрала і ачоліла мастацтвазнаўца Элеанора Вецер, якая працавала экскурсаводам ў Мастацкім музеі і адначасна выкладала на мастацкім факультэце БТМІ (цяпер Акадэміі мастацтваў). У тую групу ўвайшлі мастакі Генадзь Сакалоў, Віктар Сташчанюк, Любоў Міньковіч, фізікі Уладзімір Карэлін, Людміла Катомцава ды адзіны сярод іх прафэсійны архітэктар – Тамара Габрусь. Гэтак у нашай краіне пачыналася эпоха вывучэння айчыннае гісторыі мастацтва, прыходзіла новая генерацыя на змену растаптанаму ў 1930-я пакаленню.
Нават словазлучэння «беларускае барока» пасля арышту М.Шчакаціхіна і рэпрэсій 1930-х ужо проста не існавала ў беларускім мастацтвазнаўстве, а з працамі Шчакаціхіна можна было пазнаёміцца толькі ў адмысловых бібліятэчных сховах.
У Нясвіжы, ля касцёла Божага Цела, Тамара Габрусь усвядоміла сваё прызначэнне. Бо да тае пары беларускую архітэктуру ў Беларусі не выкладалі наогул. Нідзе. У тым ліку і будучым архітэктарам. Вострае пачуццё невераемнага захапленя і крыўды за сваё няведанне сталі стымулам да вывучэння гісторыі і культуры Беларусі, якому Тамара Габрусь прысвяціла ўсё далейшае жыццё.
Восенню таго ж года яна апублікавала ў «ЛіМе» свой першы артыкул пад назвай «Мы ехалі не па адкрыцці».
З цягам часу яна пазнаёмілася з Уладзімірам Караткевічам, Зянонам Пазняком, Лявонам Баразной, Міхасём Раманюком, Яўгенам Куліком і іншымі знакавымі асобамі Беларускага Адраджэння.
У 1969 годзе Тамара Габрусь разам з іншымі інтэлігентамі-патрыётамі падпісала складзены Пазняком ліст у абарону Верхняга горада і раёна Нямігі ў Мінску, што быў надрукаваны ў маскоўскай газеце «Праўда» і выклікаў шырокі рэзананс. І ў тым жа годзе яны разам з Зянонам Пазняком паступілі ў аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, дзе Тамара Габрусь сталася першай аспіранткай.
Яна вывучала мастацкія характарыстыкі касцёлаў XVII—XVIIІ стагоддзяў, што тады паўсюдна былі замкнутыя, апаганеныя і паўразбураныя.
У той час у Элеаноры Вецер і ў роднага брата Тамары Габрусь — Юрыя Хадыкі, якія кіравалі экспедыцыямі, нарадзілася ініцыятыва збору экспанатаў для будучага Музея старажытнабеларускай культуры, што дзеіць дасёння.
З таго часу пачаліся ў яе жыцці несупынныя экспедыцыі па ўсёй Беларусі і праца ў архівах. Тады, напрыклад, у пінскім францішканскім касцёле яна ўпершыню сустрэлася з будучым кардыналам Казімерам Свёнткам, які вадзіў навукоўцаў на гарышча касцёла глядзець на палескія далягляды і кроквавую сістэму даху храма.
Знакавай падзеяй жыцця сама Тамара Габрусь лічыць знаёмства з Данілам Міцкевічам і ўдзел пад яго наглядам за рэстаўрацыяй памятных мясцінаў Якуба Коласа на Стаўбцоўшчыне.
А ў 1976 годзе Тамара Габрусь атрымала прапазіцыю ад акадэміка Д.С.Ліхачова напісаць артыкул пра разбурэнне старажытнае царквы ў вёсцы Дастоева пад палескім Янавым, з якой звязаны род Дастаеўскіх.
Пазней гэты славуты акадэмік дашле ў Маскву свой водгук на абарону яе кандыдацкай дысертацыі.
У сваю чаргу, Тамары Габрусь давялося быць рэцэнзентам выдатнай кніжкі Зянона Пазняка «Рэха даўняга часу», прысвечанай Мінску. Каля чвэрці стагоддзя яна ўзначальвала архітэктурныя секцыі Мінскай гарадской і Мінскай абласной радаў Беларускага дабраахвотнага Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, актыўнымі ўдзельнікамі якога былі таксама Уладзімір Дзянісаў, Вячаслаў Чарнатаў, Алег Трусаў. Дзякуючы ў тым ліку ініцыятывам Тамары Габрусь былі захаваныя, а ўрэшце і адноўленыя такія знаныя сёння шэдэўры нашага дойлідства, як дамініканскія касцёлы ў Наваградку і Клецку, касцёл Святога Андрэя ў Слоніме.
Сакральны будынак ёсць спецыфічнай візуальна-семіятычнай адзінкаю, што фіксуе ключавыя рэлігійна-культурныя зместы. Уяўленне аб «святым месцы» транслюе лакальныя гістарычныя сэнсы і звязаныя з імі візуальныя маркеры на абжытую сераду ў цэлым.
Сабраныя за доўгія гады Тамараю Габрусь матэрыялы яскрава сведчаць пра тое вялізарнае багацце невымоўнага хараства, што засталося нам у спадчыну: цэрквы Полацка і Гродна, гатычныя касцёлы Навагарадка, Уселюба і Ішкальдзі. Дзякуючы кнігам Тамары Габрусь можа назіраць, як спакваля збліжаліся прынцыпы архітэктанічнага формаўтварэння ў хрысціянскіх храмаў усіх дэнамінацыяў у XVII—XVIII стагодзях, калі і цэрквы і касьцёлы будаваліся ў супольным рэчышчы паноўнага тады стылю барока. І менавіта ў тую эпоху былі ўзведзеныя такія, сусветнага маштабу, шэдэўры нашае архітэктуры, як касцёл Адшукання Святога Крыжа ў Гродна, Мікалаеўская царква ў Магілёве. Дзякуючы Габрусь, у нашу культурную прастору вернутыя імёны дзясяткаў выбітных дойлідаў, гэткіх, як Марцін Фалькоўскі, Андрэй Асікевіч, Францішак Карава ды многія іншыя.
Тамара Габрусь прачытала незлічоную колькасць папулярных лекцый у Таварыстве «Веды», напісала сотні артыкулаў да «Збора помнікаў Беларусі», энцыклапедый, раздзелаў у шматтомных выданнях, такіх як фундамэнтальная «Гісторыя беларускага мастацтва», кніг «Памяць», «Скарына і яго час» і інш.
Пры канцы 1980-х менавіта Тамара Габрусь стала ініцыятарам стварэння ў Старым парку Нясвіжа галерэі скульптурных партрэтаў звязаных з ім гістарычных асоб: князя Радзівіла Сіроткі, картографа Макоўскага, архітэктара Бернардоні, Уладзіслава Сыракомлі, і, вядома ж Якуба Коласа.
Яна ж спрыяла таму, што ў нашай краіне паўсталі помнікі вялікім дзеячам нашае культуры ў Мінску, Полацку, Оршы, Іванаве, у тым ліку Язэпу Драздовічу і Напалеону Орду, а таксама удзельнічала ў экспертнай ацэнцы аздобаў Нацыянальнае бібліятэкі.
У 1998 г. выдавецтве «Полымя», накладам ажно ў 3000 асобнікаў, выйшла дыхтоўная кніга «Страчаная спадчына», укладальніцай і аўтарам якой стала Тамара Габрусь. Пад адной вокладкай ёю былі сабраны анталагічныя ўжо тэксты А.Кулагіна, М.Ткачова, А.Квітніцкай і Ю.Чантурыя, што ўяўляюць сабою ня толькі прыкры мартыралог знішчаных дазвання, за расейскім і савецкім часамі, нашых унікальных помнікаў, але й падрабязныя іх характарыстыкі і гісторыю стварэння. У 2003 г. было ажыццёўлена яе другое выданне.
Пасля таго выдання Тамара Габрусь дапрацавала і выдала шэраг уласных манаграфій. Перадусім гэта выдатнае даследаванне «Мураванаыя харалы: сакральная архітэктура беларускага барока», у якой была абгрунтаваная канцэпцыя Тамары Габрусь спецыфікі беларускага барока.
У Тамары Габрусь ёсць два сыны — Міхал і Юры, а таксама гадуецца ўнук Цімох. А сама даследчыца рыхтуе для ўдзячных чытачоў ужо новыя кнігі, па-ранейшаму піша вершы і пільна сочыць за ўсім што робіцца ў нашай краіне.
Дзякуючы Тамары Габрусь той, хто ўмее шчэ сэрцам чуваць,, зможа спрычыніца да гэтага бязмежнага багацця нашай спадчыны.