Святлана Алексіевіч дала сваю першую прэс-канферэнцыю як лаўрэат — ТОП-15 выказванняў

08.10.2015 / 17:31

Поўнае відэа прэс-канферэнцыі:

Больш за сто журналістаў зляцеліся ў Рэдакцыю «Нашай Нівы», а найбольшы пакой у нас — усяго дваццаць квадратаў. Святлана адказала на два дзясяткі пытанняў. Вось галоўныя пытанні і адказы.

— Я чалавек беларускага свету. У той жа час я выхаваная на рускай культуры. І я касмапаліт. Асабліва пасля Чарнобыля я стала адчуваць сябе касмапалітам.

— Выратаваннем для Беларусі было б, каб яна павярнулася ў бок Еўрасаюза. Але, баюся, што яе не адпусцяць.

— Я не пайду на выбары, бо мы ўсе ведаем іх вынік.

— Я буду жыць у Беларусі.

— Учора я была на дачы. Прыехала з дачы ў Мінск. І тут за некалькі хвілін да таго, як гэта даведаліся ўсе, мне пазванілі з Нобелеўскага камітэта. Я ў гэты момант прасавала адзенне.

— Куды я патрачу прэмію? За грошы я купляю свабоду. Гэтая прэмія дасць мне сродкі, каб жыць і пісаць наступныя кнігі.

— Авіябаза Беларусі не патрэбна, але, баюся, яна будзе. Баюся, не хопіць сіл у Лукашэнкі, каб гэтаму супрацьстаяць. А грамадства спіць.

— Я ўдзячная Адамовічу і Быкаву за прыклад і маральны ўзор.

— Домрачавай далі званне Героя Беларусі. А калі дадуць мне, ці я прыму з рук Лукашэнкі? Гэта была б узнагарода ад Радзімы, а не ад нейкага чалавека.

— Я люблю свет вялікай рускай літаратуры, балета, музыкі. Але свет Пуціна, Сталіна — не мой свет.

— Я ў чацвёртым пакаленні дачка вясковых настаўнікаў. Мой прадзед вучыўся з Якубам Коласам.

— Цяжка быць сумленным чалавекам у наш час.

— «Гора мне, калі я перастану прапаведаваць», — працытавала яна апостала Паўла.

— Што такое беларускі свет? Мой тата быў беларус. Ласкавы погляд, ніколі ніякай агрэсіі. Гэты голас…. Гэтая паэтычнасць…

— Я хацела б жыць у Беларусі, падобнай да Скандынавіі ці, прынамсі, да Прыбалтыкі.

— Давайце ўсе разам рабіць так, каб мы пачалі жыць у годнай краіне.

Андрэй Дынько, Зміцер Панкавец, фота Сяргея Гудзіліна