Лонданскі Біг-Бэн могуць спыніць на некалькі месяцаў

18.10.2015 / 15:24

У справаздачы спецыяльнага камітэта брытанскага парламента гаворыцца, што адзін з галоўных сімвалаў Лондана знаходзіцца ў небяспецы, і яму неабходны тэрміновы рамонт, кошт якога складзе прыкладна 60 млн даляраў.

The Guardian

Падчас рамонту гадзіннік будзе спынены, таксама спыніцца яго бой. Папраўка механізму Біг-Бэна можа заняць некалькі месяцаў, што стане адным з самых працяглых прыпыненняў гадзінніка з моманту яго пабудовы ў 1859 годзе.

У справаздачы паведамляецца, што рамонту патрабуюць стрэлкі і ківач; таксама папраўка неабходная даху вежы, у якой утварыліся расколіны.

Акрамя Біг-Бэна брытанскаму парламенту, магчыма, прыйдзецца правесці капітальны рамонт у сваім уласным будынку ў Вестмінстары, выдаткаваўшы на гэта каля 11 млрд даляраў.