Корпус мінскай бальніцы прапануюць назваць імем амерыканкі, што выратавала на Свіслачы трох хлопчыкаў

19.10.2015 / 19:30

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд прапанаваў назваць адзін з карпусоў 1-й гарадской клінічнай бальніцы імем Рут Уолер — амерыканскай супрацоўніцы Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб'яднаных Нацый (UNRRA), якая дзейнічала ў пасляваенныя гады ў БССР.

Былы часовы павераны Ітан Голдрыч ускладае кветкі на магілу Рут Уолер на Вайсковых могілках, фота Сяргея Гудзіліна

На адкрыцці памятнай дошкі аб гэтай першай гуманітарнай місіі ААН у Беларусі 19 кастрычніка ў сталічным Лошыцкім парку, дзе размяшчаўся офіс UNRRA, Роланд нагадаў, што падобныя планы па ўвекавечанні імя Уолер былі ў савецкіх уладаў. «Можа быць, прыйшоў час», — сказаў дыпламат.

«Пастаўкі UNRRA ў першыя пасляваенныя гады прадуктаў, насення, тэхнікі дапамаглі Беларусі перажыць разруху і голад, — адзначыў Роланд. — Як амерыканец я ганаруся тым, што ў складзе місіі працавалі мае суайчыннікі. <…> Заслугоўвае памяці і жыццё асобнага чалавека — супрацоўніцы місіі Рут Уолер, якая памерла 4 жніўня 1946 года. Рут захварэла пасля таго, як дапамагла выратавацца беларускім хлопчыкам, якія загуляліся на вадзе. Яна пахавана на Вайсковых могілках у Мінску». 

«Я рады, што мы змаглі аказаць беларускім уладам дапамогу ў высакародным пачынанні ўвекавечання агульнай гісторыі і сумесных намаганняў міжнароднай супольнасці», — падсумаваў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі.

Фота Сяргея Гудзіліна

У 1940-х гадах Уолер працавала ў беларускім офісе UNRRA разам з мужам. Задачай місіі было аказанне эканамічнай дапамогі краінам Еўропы, а таксама рэпатрыяцыя і падтрымка бежанцаў. Уолер займалася арганізацыяй паставак у Беларусь прадуктаў, адзення, медыцынскіх прэпаратаў. Дзякуючы гэтай працы былі выратаваны тысячы людзей.

Рут Уолер было 25 гадоў.