Сацыял-дэмакраты не выключалі Караткевіч з партыі. Магчыма, пакуль

Вынікі прэзідэнцкай кампаніі абмеркаваў 25 кастрычніка Цэнтральны камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

26.10.2015 / 15:22

Для кіраўніцтва партыі гэтае пытанне было асабліва актуальнае, бо кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч, якая фармальна прадстаўляла на выбарах грамадзянскую кампанію «Гавары праўду», адначасова ёсць чальцом БСДП (Грамада). У палітычных кулуарах нават з'явіліся чуткі, што мінскай гарадской арганізацыі даручылі разгледзець пытанне аб выключэнні экс-кандыдаткі з шэрагаў партыі.

Старшыня сталічнай гарадской партыйнай арганізацыі гісторык Анатоль Сідарэвіч быў дакладчыкам на пасяджэнні ЦК. Ён патлумачыў:

— Караткевіч не была прадметам абмеркавання. У парадку дня было пытанне — «Вынікі палітычнай кампаніі «Выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Мы прынялі кампрамісную рэзалюцыю, якую прапанаваў Алег Трусаў. У гэтай пастанове прозвішча Караткевіч наагул не згадваецца.

— Але, мабыць, падчас дыскусіі ўзнікала пытанне пра яе?

— Так, я і ў дакладзе яе згадваў. І ўдзельнікі дыскусіі — таксама. Але ніякай указкі наконт яе лёсу не было.

— Аднак паколькі дыскусія была, то, мабыць, нехта яе асуджаў, нехта падтрымліваў?

— Я так скажу: заступнікаў Таццяны Караткевіч практычна не было. Але мы — сацыял-дэмакраты. І мы не сячэм з-за пляча. А як яно будзе разгортвацца далей, пабачым.

Таццяны Караткевіч на пасяджэнні ЦК не было. Яна дагэтуль у замежных паездках. Вярнуцца ў Беларусь мае бліжэй да канца гэтага тыдня.