ЕАЭС прапануе ЕС пачаць дыялог аб стварэнні агульнай эканамічнай прасторы

27.10.2015 / 00:14

Камісія Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) прапанавала ўладам Еўрапейскага саюза (ЕС) пачаць дыялог аб стварэнні агульнай эканамічнай прасторы, афіцыйнае пісьмо перададзена ў камісію ЕС.

Аб гэтым заявіла міністр па асноўных напрамках інтэграцыі і макраэканоміцы Еўразійскай эканамічнай камісіі Таццяна Валавая.

Паводле яе слоў, рашэнне аб накіраванні афіцыйнай прапановы ў камісію ЕС было прынята 8 верасня ў Гродне на сустрэчы кіраўнікоў урадаў саюза, у які ўваходзяць Беларусь, Расія, Казахстан, Кыргызстан і Арменія. Само пісьмо было перададзена ў сярэдзіне кастрычніка.

«Нам трэба вяртацца да ідэі стварэння агульнай эканамічнай прасторы, і мы прапануем пачаць гэты дыялог», — сказала Валавая, падкрэсліўшы, што пісьмо пакуль з'яўляецца толькі «пазіцыйным дакументам», інакш кажучы, змяшчае меркаванне камісіі ЕАЭС.