Навязваньне амнэзіі працягваецца

даслана ў Народныя навіны

Нядаўняя аказія са зьнікненьнем Алеся Марачкіна з фатаздымку мастакоў, што быў зьмешчаны ў кнізе «Мікола Селяшчук», паўтарылася ў кнізе выбраных твораў Кандрата Крапівы.

20.03.2008 / 08:51

Выглядае, нядаўняя аказія са зьнікненьнем выявы незалежнага мастака Алеся Марачкіна з агульнага фатаздымку мастакоў, што быў зьмешчаны ў кнізе «Мікола Селяшчук. Гучаньне музыкі нябёсаў», набывае рысы насаджанае тэндэнцыі.

Такая думка прыйшла да галавы, калі я згледзеў ў кнігарні новую кнігу выбраных твораў Кандрата Крапівы, выдадзеную ня так даўно ў выдавецтве «Беларускі Кнігазбор». Пасьля ўбачанага ў дадатку фатаздымку (ізноў!) не пакідаеш сабе сумневаў: у гэтай краіне нічога так проста не адбываецца. Гэтым разам з калектыўнага здымку зьнішчанага за Саветамі літаб’яднаньня «Узвышша», бадай, зьнік Антон Адамовіч, выбітны беларускі літаратуразнаўца, які, як вядома, у афіцыйных вачох дзяржаўнага страху скампрамэнтаваў сябе сваёй нацыянальнай дзейнасьцю падчас нямецкай акупацыі, а пасьля — эміграцыяй.

Калі быць больш дакладным, Адамовіч зьнік не з фатаздымку, як гэта было, дапрыкладу, у савецкай энцыкляпэдыі «Літаратура й мастацтва Беларусі», а з подпісу пад ім. Пасьля пераліку Адамовічавых калегаў па літаб’яднаньні на ягоным мейсцы стаіць пазнака: «нявысьветленая асоба».

Сьмех дый годзе! У выданьнях 90‑ых на гэтым здымку асобу Адамовіча высьвятлялі даволі лёгка, пазначаючы адпаведным подпісам, а ў незалежным 2008‑м раптам яго «ня высьветлілі». Ды не абы‑хто, а сталае, паважанае выдавецтва. «Ня высьветлілі» ці высьветлілі дый вырашылі перасьцерагчыся?

Пытаньне рытарычнае, канечне. За вакном — напэўна не трыццатыя, ды ўсё ж. Цікава, гэта была толькі элемэнтарная перасьцярога выдаўца ці ўсё ж сумнавядомы імпэратыў зьверху? У кожным разе сытуацыя нагадвае ўжо ня дужа далікатнае навязваньне люду паспалітаму нацыянальнай амнэзіі.


Дасылайце на web@nn.by вашы фатаздымкі. Зьмяшчайце народныя навіны. Паведамляйце пра пільныя здарэньні на тэлефоны
(029) 707-73-29,
(029) 613-32-32,
(017) 284-73-29

Алесь Гізун (м. Баранавічы)