ЗША могуць аднавіць санкцыі ў выпадку пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі
05.11.2015 / 17:33
Праз шэсць месяцаў ЗША ацэняць сітуацыю ў Беларусі і прымуць рашэнне наконт далейшага лёсу санкцый супраць дзевяці беларускіх прадпрыемстваў, заявіла намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Брыджыт Брынк 5 лістапада на сустрэчы з журналістамі ў Мінску.
Адказваючы на пытанне, як будуць дзейнічаць ЗША, калі сітуацыя за паўгода ў Беларусі не палепшыцца, але і не пагоршыцца, яна сказала: «Не магу прадказаць будучыню. Змякчэнне санкцый адбылося ў адказ на вызваленне палітвязняў. Праз шэсць месяцаў ЗША ўважліва будуць ацэньваць сітуацыю цалкам і ў сукупнасці ўсе фактары. Рашэнне будзе прымацца на аснове гэтага аналізу».
Яна падкрэсліла, што існуе магчымасць для паляпшэння і нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і ЗША. Вызваленне і змякчэнне санкцый яна назвала «ўзаемнымі пазітыўнымі крокамі». Чыноўнік Дзярждэпартамента выказала надзею, што рух у гэтым напрамку працягнецца.
У сваю чаргу намеснік памочніка дзяржсакратара па дэмакратыі, правах чалавека і працы Роберт Бяршчынскі зазначыў, што ЗША гатовыя да далейшых пазітыўных крокаў, але калі сітуацыя з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі пагоршыцца, дзеянне санкцый можа аднавіцца ў поўнай меры.
Нагадаем, 29 кастрычніка Міністэрства фінансаў ЗША да 30 красавіка 2016 года часткова змякчыла санкцыі адносна шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. У санкцыйны спіс уваходзяць «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», канцэрн «Белнафтахім», Belneftekhim USA Inc., ААТ «Белшына», ААТ «Гродна Азот», ААТ «Гродна Хімвалакно», ААТ «Лакафарба», ААТ «Нафтан» і ААТ «Полацк-Шкловалакно». Уся ўласнасць гэтых прадпрыемстваў застаецца заблакіраванай, але транзакцыі дазволеныя. Пры гэтым, калі сума здзелкі перавышае 10 тыс. долараў, грамадзяне ЗША абавязаныя паведамляць упраўленню кантролю замежных актываў Дзярждэпартамента. Санкцыі былі ўведзеныя на падставе ўказа прэзідэнта ЗША Джорджа Буша ад 16 чэрвеня 2006 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.