Пецярбургскі цэнтр «Мемарыял» прызналі замежным агентам
06.11.2015 / 22:27
Міністэрства юстыцыі Расіі ўключыла ў спіс замежных агентаў санкт-пецярбургскі навукова-інфармацыйны цэнтр «Мемарыял».
Кіраўнік міжнароднага гісторыка-асветніцкага таварыства «Мемарыял» Арсеній Рагінскі назваў гэта рашэнне Мінюста велізарным ударам.
«Гэта велізарны ўдар для ўсіх тых, хто займаецца памяццю ахвяр савецкага тэрору. Навукова-інфармацыйны цэнтр «Мемарыялу» — адна з самых эфектыўных грамадскіх арганізацый, якая займаецца гэтай праблематыкай», — заявіў ён.
Санкт-пецярбургскі навукова-інфармацыйны цэнтр «Мемарыял» быў створаны ў 1991 годзе Веніямінам Ёфэ як цэнтр для навуковага забеспячэння работы гісторыка-архіўнай камісіі таварыства «Мемарыял». Цэнтр займаецца базай дадзеных з пералікам месцаў пахаванняў ахвяр палітычных рэпрэсій. Ён уключае ў сябе архіў, бібліятэку, дыскусійную і выставачную прастору, віртуальны музей ГУЛАГу.
На канец кастрычніка расійскае міністэрства юстыцыі ўключыла ў рэестр некамерцыйных арганізацый, «якія выконваюць функцыі замежнага агента», 100 арганізацый.