Бізнэсмэн з Іарданіі купіў палац у Іўеўскім раёне за 94 тысячы даляраў
10.11.2015 / 20:53
9 лістапада адбыўся аўкцыён па продажы палаца XIX стагоддзя ў Іўеўскім раёне. Бізнэсмэн з Іарданіі купіў помнік архітэктуры за 1,6 млрд рублёў.
Тут і ніжэй фота holiday.by
Палац Умястоўскіх у Жамыслаўлі з'яўляецца копіяй знакамітага «палаца на вадзе» ў каралеўскім парку Лазенкі ў Варшаве. Тры разы аб'ект выстаўлялі на продаж. Нарэшце, пакупнік знайшоўся.
Мясцовыя ўлады не называюць імя інвестара, але вядома, што гэта бізнэсмэн з Іарданіі. Напярэдадні аўкцыёну ён прыязджаў у Жамыслаўль, каб убачыць аб'ект.
Сума ўгоды — каля 1,6 млрд рублёў, адзначыў намеснік старшыні Іўеўскага райвыканкама Аляксандр Раманюк. Гэта цана самога аб'екта плюс пакрыццё выдаткаў на праектна-каштарысную дакументацыю, якая была аплачаная з бюджэту.
Акрамя самога палаца, пакупнік атрымае яшчэ тры будынкі пачатку ХХ стагоддзя, а таксама вялікі парк.
Па словах намесніка старшыні Іўеўскага райвыканкама, даступнасць адрэстаўраванага палаца для турыстаў — адна з умоў продажу аб'екта.
Будынак не выкарыстоўваецца з 2006 года. Раней тут засядала ўпраўленне калгасу, размяшчалася бібліятэка, аддзяленне сувязі і сельскі клуб.
У 2009 годзе сядзібу прадалі прадпрымальніку з Мінска, аднак пракурорская праверка выявіла парушэнні — будынак прадалі ўсяго за 9 млн рублёў, у той час як спецыялісты ацанілі яго ў 1 млрд рублёў. Тады аб'ект вярнулі на баланс СВК.
У 2012 годзе ў палацы здарыўся пажар, у выніку якога абрынулася страха.