У Віцебску стартуе праект «Кінапалёт», які аб’яднае нямое кіно і музыку
19.11.2015 / 12:26
З 21 лістапада да 19 сьнежня ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва пройдзе сэрыя кінапаказаў нямых фільмаў з жывою музыкай. Сярод заяўленых выканаўцаў – Сяргей Пукст, Tonqixod, Re1ikt, Ягор Забелаў.
У арт-праекце «Кінапалёт» возьмуць удзел выканаўцы, якія агучылі першыя беларускія нямыя фільмы ў межах праекту «Тузін.Немаўля» –Re1ikt, Сяргей Пукст, Tonqixod. У іх жывым музычным суправаджэньнібудуць паказаныя фільмы «У агні народжаная» (1929), «Кастусь Каліноўскі» (1927),«Нянавісьць» (1930). У праграму фэстывалю ўключаны таксама выступ Ягора Забелава з музыкаю да французскага нямога фільму «Менімальтан» (1926). Кожны кінаканцэрт будзе складацца з дзвюх частак – уласна кіно з музыкаю і сэта з аўтарскіх кампазыцый.
Сяргей Пукст агучвае фільм «Кастусь Каліноўскі» на МКФ «Лістапад» (2013)
«Апошнім часам у Віцебску адбываецца сапраўдны культурніцкі выбух. Акром традыцыйных формаў актыўнасьці, як канцэрты і выставы, даволі папулярнымі сталі нефармальныя кінапаказы, – распавядае завадатар кінапаказаў Уладзімер Булаўскі. – Таму «Кінапалёт» для Віцебска зьяўляецца ня толькі пэўным эксперымэнтам, але і спробай аб’яднаць пад адною шыльдаю кіно і музыку і лякалізаваць у прасторы і часе яскравых прадстаўнікоў незалежнай музычнай сцэны Беларусі. Да ўсяго, адна з мэтаў «Кінапалёта» ёсьць прыцягненьне ўвагі да раньняга беларускага кінематографу, што, безумоўна, можа натхніць і сучасных творцаў».
Re1ikt агучвае фільм «У агні народжаная» на фэстывалі «Нямыя ночы» (Адэса, 2015)
«Кінапалёт» – назва, якая адсылае жыхароў Віцебска да 1980-х гг., калі дзейнічаў дзіцячы кінатэатар «Палёт», што месьціўся ў самалёце ТУ-134 на Маскоўскім праспэкце.
У рамках арт-праекту «Кінапалёт» пройдзе таксама выстава «250», якая была створана да 250-годзьдзя Міхала Клеафаса Агінскага. Выстава складаецца з фільма, музыкі, скульптуры і трох фотагісторый.
Мерапрыемствы «Кінапалёта» можна наведаць з 21 лістапада па 19 сьнежня на пляцоўках Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва.
Праграма праекту «Кінапалёт»:
21.11 –Yegor Zabelov, «Менімальтан»: 1926, FRA¸ Дзьмітры Кірсанаў («ВЦСМ«, вул. Белабародава, 5).
28.11 – Сяргей Пукст, «Кастусь Каліноўскі»: 1928, BY, Уладзімір Гардзін. («ВЦСМ«, вул. Белабародава, 5).
12.12 –Tonqixod, «Нянавісьць»: 1930,BY, Юры Тарыч («ВЦСМ«, вул. Белабародава, 5).
19.12 –Re1ikt, «У агні народжаная»: 1929, BY, Уладзімір Корш-Саблін («ВЦСМ«, вул. Белабародава, 5).
05.12 - 19.12 –«250»– праект-прысьвячэньне Міхалу Агінскаму («Арт-прастора», Талстога, 7).
Квіткі на «Кінапалёт» вы можаце набыць на пляцоўках ВЦСМ:
— выставачная зала, вул. Белабародава,5
— выставачная заля, вул. Фрунзэ,11
— Арт прастора, вул. Талстога,7
А таксама на ўваходзе. Кошт квітка – 80 000 руб. VIP-квіток на ўсе 4 кінапаказы + выстава – 300 000 руб.
Інфармацыя: +375259133876.