Надзея Саўчанка перадала Святлане Алексіевіч сваю кнігу «Моцнае імя Надзея»
20.11.2015 / 18:21
Украінская ваеннаслужачая Надзея Саўчанка, якая ўтрымліваецца пад вартай у Расіі, перадала беларускай пісьменніцы, лаўрэату Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлане Алексіевіч сваю кнігу «Моцнае імя Надзея», паведамляе пасольства Украіны ў Беларусі на сваёй афіцыйнай старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook.
Дыпламаты перадалі Алексіевіч гэту кнігу 20 лістапада, напярэдадні другой гадавіны «Рэвалюцыі годнасці» — маштабных пратэстаў ва Украіне, якія прывялі да ўцёкаў Віктара Януковіча, які быў у той час прэзідэнтам краіны, і перамене ўлады.
У знак павагі да творчасці Святланы Алексіевіч і падзякі за падтрымку Саўчанка падпісала асобнік сваёй кнігі словамі: «Любіць свой народ, сваю Радзіму, людзей і заставацца чалавекам!». «Менавіта гэта, паводле меркавання Надзеі, аб'ядноўвае ўкраінку і беларуску, дзвюх моцных духам жанчын», — гаворыцца ў паведамленні пасольства.