Брусэль патрулюецца арміяй, у панядзелак горад застанецца ў рэжыме крайняй небяспекі
Спецаперацыі прайшлі ў Брусэлі каля Гран-пляс, а таксама ў двух імігранцкіх кварталах, і ў гарадах Льеж і Шарлеруа. Але арганізатара тэрактаў у Парыжы затрымаць пакуль не ўдалося.
23.11.2015 / 01:10
Фота Эманюэля Дзюнана, АФП.
Спецназ на вуліцах, закрытыя гандлёвыя цэнтры і тэатры — гэта Брусэль на выхадных. Бельгія аказалася слабым месцам у плане барацьбы з тэрарызмам. Цяпер урад краіны спрабуе ліквідаваць уразлівасці. У прыватнасці, гаворка ідзе пра пераход на продаж сім-карт мабільнай сувязі па пашпартах. Але задача нумар адзін сёння — затрымаць Салаха Абдэслама, арганізатара тэрактаў у Парыжы, і ягоную банду. Нядзельныя аблавы ў пяці пунктах у Бельгіі не далі выніку.
Як паведамляе медыякампанія RTL, бельгійская паліцыя праводзіць спецаперацыю ў цэнтры Бруселя на адной з галоўных плошчаў горада Гран-плас. «Паліцыя просіць жыхароў ня падыходзіць да вокнаў», — перадаюць журналісты. Прылеглыя да плошчы вуліцы заблакаваныя.
Для перакрыцця вуліц у цэнтры Бруселя ў ходзе спецаперацыі паліцыя выкарыстоўвае гарадскія аўтобусы.
Міністр абароны Бельгіі Стывен Вандэпут звярнуўся да грамадзян з просьбай не выдаваць дэталі перамяшчэнняў паліцыі па Брусэлі ў сацыяльных сетках.
Над раёнам правядзення спецаперацыі ў бельгійскай сталіцы баражуюць паліцэйскія верталёты.
Услед за заклікам некаторыя мясцовыя СМІ, у тым ліку медыякампанія RTL і шэраг выданняў, заявілі, што спыняюць паведамляць падрабязнасці паліцэйскай спецаперацыі ў Бруселі.
* * *
Пазней стала вядома, што спецаперацыя скончылася затрыманнямі.
Нягледзячы на пагрозу тэрактаў у панядзелак у Брусэлі пройдуць сустрэчы міністраў фінансаў і адукацыі Еўрасаюза.
Паведамлена, што ў панядзелак у Брусэлі захаваецца 4-ы ўзровень трывогі, які азначае «тэракты непазбежныя». Не будзе працаваць метро, застануцца закрытыя садкі, школы і ўніверсітэты.