Кэмеран прапанаваў Алянду ўдарыць па ІД разам

23.11.2015 / 13:39

Французскі прэзідэнт Франсуа Алянд прыняў у панядзелак брытанскага прэм'ер-міністра Дэвіда Кэмерана. Выйшаўшы з Елісейскага палаца, Кэмеран заявіў, што Вялікабрытанія будзе наносіць авіяўдары ў Сірыі разам з французамі і даў у распараджэнне Францыі брытанскую авіябазу.

Reuters/Eric Gaillard

«Я цалкам падтрымліваю дзеянні, зробленыя прэзідэнтам Аляндам для барацьбы з ІД у Сірыі, — сказаў Дэвід Кэмеран. — І я перакананы, што Вялікабрытанія павінна рабіць тое ж самае». Для гэтага брытанскі прэм'ер мае намер ужо на гэтым тыдні звярнуцца да парламента. «Я прадстаўлю нашаму парламенту нашу агульную (з французамі) стратэгію», — заявіў ён.

Акрамя гэтага, Кэмеран прыняў рашэнне даць у распараджэнне Францыі брытанскую авіябазу на Кіпры.

Пасля парыжскіх тэрактаў Франсуа Алянд аддаў загад узмацніць бамбардзіроўкі ў Сірыі і звярнуўся да лідараў іншых краін з заклікам стварыць агульную кааліцыю па барацьбе з ІД.

Для таго, каб дамовіцца аб агульнай стратэгіі, Алянд на гэтым тыдні сустрэнецца з амерыканскім прэзідэнтам Баракам Абамам (24 лістапада ў Вашынгтоне), нямецкім канцлерам Ангелай Меркель (25 лістапада ў Парыжы) і расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным (26 лістапада ў Маскве).