Улады прыдумалі, як адбіць у беларусаў жаданне хадзіць на акцыі пратэсту ВІДЭА
24.11.2015 / 22:40
На заклік Мікалая Статкевіча дзве сотні дэманстрантаў прайшлі праспектам у знак пратэсту супраць дыктатуры. Дзень быў выбраны не выпадковы — менавіта 24 лістапада 1996 года на рэферэндуме былі замацаваныя дыктатарскія паўнамоцтвы.
Гэтым разам на шэсці выкрылася новая тактыка міліцыі, накіраваная на тое, каб адбіць у беларусаў ахвоту хадзіць на акцыі пратэсту.
Пасля заканчэння акцыі, акрамя звыклых пратаколаў на арганізатараў, міліцыянты пачалі складаць паперы на шараговых удзельнікаў шэсця па артыкуле «удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».
Пад раздачу патрапілі простыя людзі, якія ставілі знічкі на ганак ЦВК.
Больш за тое, міліцыянты склалі пратаколы нават на журналістаў (!) і назіральнікаў Хельсінскага камітэту.
Глядзіце на гэтыя шэдэўральныя дыялогі ў відэа.
Звычайны памер штрафу, які плацяць арганізатары акцыі, — каля 10 мільёнаў, таму відавочны разлік на тое, што людзей удасца запалохаць грашовымі пакараннямі.
Ці атрымаецца ва ўладаў такім чынам застрашыць?
Пабачым. А пакуль што Мікола Статкевіч паабяцаў, што «не кіне» ў такой сітуацыі нікога са сваіх прыхільнікаў.