Пяскоў назваў закрыццё Басфора «апакаліптычным сцэнаром»

29.11.2015 / 11:43

Магчымасць перакрыцця Турцыяй Чарнаморскіх праліваў для расійскіх судоў у Крамлі назвалі апакаліптычным сцэнарам.

ntv.ru

Масква просіць устрымацца ад абмеркавання такой сітуацыі. Пра гэта прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў у эфіры тэлепраграмы «Весткі ў суботу», перадае сайт «Весті».

«Вы будуеце абсалютна апакаліптычныя сцэнары. З нашага пункту гледжання, ступень прадказальнасці дзеянняў турэцкага кіраўніцтва цяпер вызначаецца з цяжкасцю. Давайце нават не будзем абмяркоўваць такія сцэнары», — заявіў чыноўнік, адказваючы на пытанне журналіста аб магчымасці перакрыцця Басфора і Дарданэл.

Чарнаморскія пралівы Басфор і Дарданэлы маюць важнае лагістычнае значэнне ў матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні аперацыі Паветрана-касмічных сіл Расіі ў Сірыі. Правілы марскога суднаходства праз гэтыя пралівы рэгулююцца міжнародным правам — канвенцыяй Мантрэ, якая замацавала суверэнітэт Турцыі над пралівамі, пры гэтым гарантаваўшы асаблівыя правы чарнаморскіх дзяржаў наконт іх выкарыстання.

Анкара мае права на закрыццё праліваў толькі ў выпадку афіцыйна абвешчанай ёй вайны.