Дальнабойшчыкі пачалі марш на Маскву: пратэстуюць супраць платы за праезд па федэральных трасах

Акцыю ў Маскве кіроўцы збіраюцца правесці 30 лістапада. А кіраўнік КПРФ Генадзь Зюганаў паведаміў аб правядзенні 5 снежня мітынгу ў падтрымку кіроўцаў.

29.11.2015 / 15:25

Дальнабойшчыкі з некалькіх рэгіёнаў Расіі, якія пратэстуюць супраць платы за праезд грузавікоў па федэральных трасах, пачалі марш на Маскву.

Кіроўцы розных гарадоў Расіі пратэстуюць супраць сістэмы «Платон». На здымку — адна з акцый, Валгаград, лістапад 2015 г.

У многіх рэгіёнах Расіі паліцыя затрымлівае дальнабойшчыкаў і арганізатараў акцый. Напрыклад, у Пецярбургу затрымалі Аляксандра Растаргуева, падставай для гэтага стаў неаплачаны травеньскі штраф. Напярэдадні да яго прыходзілі з ператрусамі.

Удзельнікі пішуць у сацсетках, што супрацоўнікі ДПС і АМАП перайшлі на ўзмоцненую працу, грузавыя аўтамабілі не прапускаюць і адпраўляюць назад, кіроўцам перакрываюць дарогі.

Аднаго з арганізатараў акцый у Ніжнім Ноўгарадзе затрымалі на пасту ДПС. Там сабраліся іншыя пратэстоўцы.

Дальнабойнікі Валагодскай вобласці паведамляюць, што паліцыя блакуе праезд на пастах і адпраўляе машыны на стаянку.

Некаторыя кіроўцы выязджаюць з рэгіёну на легкавых аўтамабілях.