У Крыме ў ліцэі спалілі турэцкія кнігі і выгналі настаўнікаў?
30.11.2015 / 18:46
У акупаваным РФ Крыме ў былым турэцкім ліцэі спалілі ўсе кнігі на турэцкай мове, а настаўнікаў турэцкай мовы прымусілі звольніцца.
Пра гэта на сваёй старонцы Facebook напісаў журналіст Асман Пашаеў, які з'яўляецца выпускніком гэтага ліцэя.
«У Крыме ў былым турэцкім ліцэі ў пасёлку Танкавым спалілі ўсе кнігі на турэцкай мове, а настаўнікаў турэцкай звольнілі», — напісаў ён.
«Спалілі бібліятэку турэцкага кабінета-лабараторыі. Выкладчыкаў прымусілі напісаць заяву па ўласным жаданні», — дадаў ён.
Праз некалькі гадзін журналіст удакладніў інфармацыю: «Дырэктар школы Мемет Кангіеў праз пасярэднікаў паведаміў, што інфармацыя пра спаленне кніг — няпраўда. Пра звальненне настаўнікаў абвяржэння няма. Але непасрэдна з ім пагутарыць не атрымалася пакуль».
Да акупацыі гэта была Крымская гімназія-інтэрнат для адораных дзяцей міністэрства адукацыі і навукі АРК. Пасёлак Танкавае знаходзіцца ў Бахчысарайскім раёне.
Гімназія заснавана турэцкім прадпрымальнікам і філантропам Фетхулахам Гюленам. Паводле інфармацыі «Украінскай праўды», там вучылася практычна ўся цяперашняя крымска-татарская эліта паўвострава.
Рэпрэсіі супраць ліцэя пачаліся яшчэ ўвосень 2014 года. Тады там быў праведзены ператрус, у выніку якога былі знойдзеныя і канфіскаваныя тры кнігі, якія ўваходзяць у спіс экстрэмісцкай літаратуры. Як сцвярджалі выкладчыкі, кнігі былі падкінутыя.