АПЕК павысіла квоты на здабычу нафты, цана абвалілася да $43
04.12.2015 / 18:43
Арганізацыя краін-экспарцёраў нафты (АПЕК) на сваім пасяджэнні прыняла рашэнне павысіць квоты на здабычу нафты на паўтара мільёна барэляў, да 31,5 мільёна барэляў у суткі. Пра гэта паведамляе агенцтва Bloomberg. У павялічаны ліміт не ўключаная здабыча Інданезіі.
На фоне гэтага рашэння цана на нафту абвалілася на лонданскай сыравіннай біржы LSE амаль на паўтара даляра на працягу некалькіх хвілін. Да 17:00 марка Brent таргавалася на ўзроўні ледзь вышэй за 43 даляры за барэль.
У папярэдні раз, калі прадстаўнікі краін-экспарцёраў збіраліся ў чэрвені, квота ў 30 млн барэляў была пакінутая без зменаў.
Рашэнне было прынята, нягледзячы на нізкія цэны на нафту, якія ўтрымліваліся ў апошнія некалькі месяцаў. За менш чым паўтара года цэны апусціліся больш чым на 60%.
Пры гэтым варта адзначыць, што фактычная здабыча АПЕК істотна перавышала вызначаны аб'ём квот. Так, у мінулым месяцы краіны арганізацыі здабывалі 31,75 млн бочак у суткі, што нават больш за новы афіцыйны паказчык.