Алексіевіч вылецела ў Стакгольм па Нобелеўскую прэмію ФОТАФАКТ

05.12.2015 / 13:34

10 снежня Святлана Алексіевіч атрымае Нобелеўскую прэмію з рук шведскага караля. У аэрапорт беларускую пісьменніцу праводзілі журналісты, сваякі і сябры.

Адказваючы на пытанне журналістаў, як яна рыхтавалася да паездкі, Святлана Алексіевіч распавяла, што пачала збірацца ў 2 гадзіны ночы. Яна таксама скончыла пісаць тэкст двух сваіх лекцый — адна лекцыя Нобелеўскага лаўрэата, у ёй будзе ісці гаворка пра працу і кнігі, другую яна прачытае на банкеце — у гэтай прамове яна раскажа ў тым ліку і пра сённяшнюю Беларусь.

Зборы на ўручэнне Нобелеўскую прэмію пісьменніца назвала «вельмі вар'яцкай справай».

Па просьбе карэспандэнта TUT.BY яна пракаментавала інфармацыю пра тое, што беларускія каналы не будуць трансляваць цырымонію ўручэння прэміі.

«Было б дзіўна, калі б прапусцілі. Я не сумнявалася, што так будзе», — сказала Алексіевіч. Такое рашэнне тэлеканалаў яна тлумачыць «чалавечымі якасцямі нашага прэзідэнта».

«Я не думаю, што гэта з-за нашых рознагалоссяў, хутчэй за ўсё, гэта рэўнасць. Ён у нас адзін. Мяне радуе, што людзі на гэта рэагуюць… А што прэзідэнты? Які страшны быў Сталін, і дзе ён? Дзе Брэжнеў? Дзіўна, што аўтарытарныя кіраўнікі гэтага не разумеюць. Вось Аўгустын Бажавольны застаецца, які ўсё раздаў бедным і размаўляў з птушкамі», — лічыць пісьменніца.

На пытанне, ці сталі яе больш чытаць пасля атрымання Нобелеўскай прэміі, яна адказала, што ёй складана прасачыць, але мяркуючы па тым, што пішуць у інтэрнэце, цікавасці стала больш: «З-за таго што шмат спрэчак, асабліва рэакцыя Расіі здзівіла многіх, такая агрэсіўная рэакцыя».

«І ўсё ж такі гэта прызнанне Беларусі, таго, што мы ёсць на карце», — адзначыла Алексіевіч.

Разам з тым яна падкрэсліла, што яе кнігі павінны былі быць напісаны на рускай мове.

«Я пісала гісторыю Утопіі [мастацка-дакументальны цыкл «Галасы утопіі», пяць кніг, у якіх «маленькі чалавек» сам распавядае пра час і пра сябе], Утопія гаварыла па-руску. Гэта была велізарная краіна. Там жылі і рускія, і ўкраінцы, і таджыкі, таму гэта павінна было быць па-руску. У Ірландыі ж пішуць па-ангельску. У свеце цяпер усё вельмі змяшана, і ставіць нейкія такія межы, гэта ўжо мінулае. Мова не вырашыць нашых праблем», — сказала Алексіевіч, адказваючы на пытанне, чаму яна не піша на беларускай мове.

Кампанія «Белавія» па ўласнай ініцыятыве вылучыла Алексіевіч месца ў бізнэс-класе.

У Стакгольме прэс-аташэ Святланы Алексіевіч будзе былы пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. У паездцы, на цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі і на ўрачыстым банкеце пісьменніцу будуць суправаджаць 14 чалавек з Беларусі — яе сябры.

З 6 па 12 снежня ў шведскай сталіцы працягнецца тыдзень нобелеўскіх урачыстасцяў. Лаўрэаты правядуць прэс-канферэнцыі, паўдзельнічаюць у дыскусіях і скажуць нобелеўскія прамовы. 10 снежня ў стакгольмскай філармоніі кароль Швецыі Карл XVI Густаў уручыць медалі і дыпломы Нобелеўскай прэміі. Памер грашовай узнагароды ў гэтым годзе складае 8 млн шведскіх крон, або каля 970 тысяч даляраў.