У Сірыі забіты ўраджэнец Гродна, які ваяваў на баку «Ісламскай дзяржавы»

06.12.2015 / 16:08

Дакументы, банкаўскія карткі і фота забітага гродзенца апублікаваў сайт Kurdish Daily News, заўважае silverrebel.

На адным з фота бачнае аўстрыйскае пасведчанне «rot-weiss-rot karte plus», якое дае дазвол на пражыванне і працу ў горадзе Брэгенц нейкаму Дзянісу Васільеву (транскрыпцыя відавочна з беларускага пашпарта — Dzianis Vasilyeu».

На іншых картках бачная дата нараджэння — 9/8/1982. На адной з іх указана Grodno, на іншай — Weissrussland.

Сайт паведамляе, што Васільеў прыехаў у Сірыю праз Турцыю, куды трапіў з Германіі. Ён быў забіты ў баі на ірака-сірыйскай мяжы, куды выйшлі курды пры падтрымцы сілаў ЗША пасля вызвалення горада Сінджар.