Французскі навуковец знайшоў пад «Монай Лізай» яшчэ адзін партрэт

08.12.2015 / 11:22

Французскі навуковец Паскаль Катэ сцвярджае, што яму ўдалося знайсці яшчэ адзін партрэт пад карцінай Леанарда Да Вінчы «Мона Ліза».

Па словах Катэ, ён вывучаў карціну, выкарыстоўваючы метад адлюстравання святла, цягам дзесяці гадоў.

У 2004 годзе Луўр прадаставіў Катэ доступ да карціны, і ён зрабіў некалькі здымкаў паводле распрацаванай ім тэхналогіі ўзмацнення слаёў выявы (Layer Amplification Method). Метад дазваляе праецыраваць на карціну магутнае святло і счытваць яго адлюстраванне ад паверхні. Такім чынам Катэ, як ён сцвярджае, здолеў рэканструяваць малюнак, які знаходзіцца пад партрэтам Моны Лізы.

На рэканструкцыі відаць малюнак чалавека, які глядзіць у іншы бок. Акрамя таго, на карціне няма знакамітай усмешкі Моны Лізы. Па словах Катэ, жанчына на атрыманым малюнку не падобная на Лізу Джэрардыні, партрэт якой, як лічыцца, пісаў Да Вінчы.

У Луўры адмовіліся каментаваць заявы Катэ.

Фрагмент сюжэту «Бі-бі-сі», у якім дэманструецца меркаваная першая версія «Моны Лізы», апублікаваны на Youtube.