Пры спрыяльных умовах надвор'я ў Мінску зальюць больш за 70 каткоў
08.12.2015 / 16:29
Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі 8 снежня намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Святлана Дзямешка.
«На жаль, апошнія два гады зіма нас не радуе снегам і вялікімі маразамі, заліваюцца каткі не ў тым аб'ёме, які мы плануем», — адзначыла Дзямешка.
Паводле яе слоў, сёлета камунальшчыкі гатовы заліць больш за 70 каткоў у раёнах горада і каля школ. Таксама гатовы да працы 37 хакейных каробак. «Яны ўсе прыведзены ў парадак, гатовы да працы, і пры наступленні ўстойлівых маразоў ніжэйшых за пяць градусаў на працягу пяці дзён гатовы да іх заліўкі», — паведаміла спецыяліст.
Акрамя таго, у горадзе будуць гатовы да выкарыстання 16 лыжных трас, у тым ліку на базе лыжаролерных, на якія ў выпадку адсутнасці снегу будзе насыпацца штучнае пакрыццё. Таксама будуць гатовы і трасы ў Сонечнай даліне.
«У прынцыпе горад гатовы да зімовых спартыўных забаў, спадзяемся, што надвор'е дазволіць узяць у іх удзел, хаця згодна з прагнозамі да сярэдзіны студзеня сіноптыкі маразоў не абяцаюць», — сказала Дзямешка.
Яна паведаміла таксама, што 19 снежня адбудзецца традыцыйны турнір па хакеі на прызы прэзідэнцкага спартыўнага клуба, а 4—7 студзеня — Калядны турнір па хакеі на прызы прэзідэнта Беларусі. У ім плануюць узяць удзел каманды са Славакіі, Фінляндыі, Швейцарыі, Германіі, Швецыі, Расіі, ААЭ і Беларусі. 9—10 студзеня на «Мінск-Арэне» адбудуцца міжнародныя спаборніцтвы па канькабежным спорце, заяўкі ўжо падалі 55 удзельнікаў з 22 краін.