У Мінску расеец абрабаваў выпадковага знаёмага і намагаўся абрабаваць жанчыну
15.12.2015 / 16:10
Супрацоўнікамі аддзела крымінальнага вышуку Савецкага РУУС Мінска за ўчыненне двух рабаванняў затрыманы раней судзімы беспрацоўны 29-гадовы грамадзянін Расіі.
Як паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама, аператыўнікі выявілі, што затрыманы на працягу адных сутак здзейсніў рабаванне і замах на рабаванне.
У першым выпадку ахвярай злачынных дзеянняў замежніка стаў яго новы прыяцель, з якім ён той жа ноччу пазнаёмiўся ля ўваходу ў адну са сталічных крам. Пасля сумеснага распіцця спіртнога мужчына ўдарыў прыяцеля, а калі той апынуўся на зямлі ў несвядомым стане, зняў з яго куртку, красоўкі, гадзіннік і ўцёк.
Праз некалькі гадзін падазраваны пазнаёміўся на вуліцы з жанчынай, якая запрасіла яго да сябе дадому. Ужо ў пад'ездзе мужчына вырваў у яе з рук сумачку і паспрабаваў уцячы, аднак быў затрыманы ў двары дома супрацоўнікамі органаў унутраных справаў і вайскоўцамі ўнутраных войскаў.
«У дачыненні да грамадзяніна распачатыя дзве крымінальныя справы па факце здзяйснення рабавання і замаху на рабаванне, — распавёў намеснік начальніка Савецкага РУУС Павел Сяміжон. — Пакаранне за рабаванне крымінальнае заканадаўства прадугледжвае ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да шасці гадоў».