Польскае МЗС дае Белсату 70 тысяч, і забірае 3 мільёны

Міністэрства замежных справаў паабяцала кампэнсаваць Белсату кошт абсталяваньня, забранага беларускай міліцыяй пасьля ператрусаў. Але адначасова на 3 мільёны злотых, да 18 мільёнаў злотых (8 мільёнаў даляраў), зьменшыла фінансаваньне каналу.

31.03.2008 / 21:43


У пятніцу міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што аплоціць Белсату кошт забранага беларускай міліцыяй абсталяваньня. Пра гэты ягоны жэст паведамлялі сродкі масавай інфармацыі.

— Паводле папярэдніх разьлікаў, дапамога складзе 50—70 тысяч злотых (25—30 тысяч даляраў), — сказаў прэсавы сакратар МЗС Пётар Пашкоўскі.

Аднак у той самы дзень на пісьмовы стол члена праўленьня Польскай тэлевізіі (TVP) Славаміра Сіўка лёг ліст, датаваны 17 сакавіка, у якім МЗС паведамляе, што вылучае сёлета Белсату на 3 мільёны злотых (каля 1,4 мільёна даляраў) меней, чым плянавалася: 18 мільёнаў злотых (8 мільёнаў даляраў) замест 21 мільёна злотых — і гэта канчатковая сума.

Кошт дзейнасьці Белсату сёлета ацэньваўся ў суму каля 27 мільёнаў злотых. Акрамя грошай з МЗС, чакалася, што 6 мільёнаў вылучаць замежныя партнэры. На пытаньне пра прычыны зьмяншэньня фінансаваньня каналу МЗСам, Пётар Пашкоўскі адказаў толькі: «Я ня ў курсе».

Каб рабіць канал для Беларусі пры зьменшаным бюджэце, TVP будзе вымушаная пайсьці на скарачэньне часу трансьляцыі.

Паводле PAP via Onet.pl