«Не, не абмяркоўвалася» — Лукашэнка вяртаецца з Масквы без авіябазы і крэдыту
дапоўнена
15.12.2015 / 18:22
Аляксандр і Мікалай Лукашэнкі ў Маскве. Фота Ройтэрз.
Авіябаза? «Не, не абмяркоўвалася», — сказаў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў пасля перамоў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
У сярэдзіне верасня Пуцін даручыў Мінабароны і МЗС правесці з Мінскам перамовы і па выніках падпісаць пагадненне аб стварэнні ў Беларусі расійскай авіябазы. Аднак Аляксандр Лукашэнка выступіў супраць гэтай ідэі. Варта адзначыць, што супраць базы катэгарычна выступіла беларуская апазіцыя, у Мінску прайшлі акцыі пратэсту.
У адказ Расія прыняла рашэнне не выдзяляць Беларусі крэдыт з падкантрольнага ёй еўразійскага Антыкрызіснага фонду. Тым часам Мінск прасунуўся ў перамовах з Міжнародным валютным фондам аб выдзяленні крэдыту такога ж памеру, але пад ніжэйшы працэнт.
Перад перамовамі ў Маскве аналітыкі разыходзіліся ў думках, ці выкруціць Пуцін Лукашэнку рукі. У выніку, як выглядае, перамовы скончыліся нічым: ні базы, ні грошай. Падпісаная толькі малазначная заява ні пра што.
Зрэшты, абодва кіраўнікі краін высока ацанілі перамовы. Лукашэнка сказаў, што паміж Беларуссю і Расіяй не засталося ніводнага пытання, якое патрабуе дадатковай прапрацоўкі. Лукашэнка дадаў, што «абсалютна давярае» свайму расійскаму калегу.
Пуцін жа адзначыў, што перамовы былі канструктыўнымі і дзелавымі. Па меркаванні прэзідэнта Расіі, супрацоўніцтва з Беларуссю мае стратэгічны характар.
Пуцін падкрэсліў, што Беларусь і Расія «маюць блізкія пазіцыі па Украіне і Сірыі». Звяртае на сябе ўвагу «блізкія», а не «аднолькавыя».
Пасля гэтага была дастаткова расплывістая фраза: «У мэтах умацавання рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі дамовіліся актыўна развіваць вайсковае і вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва», — дадаў Пуцін.
21 снежня адбудзецца яшчэ адна сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расіі. На гэты раз у рамках саміта АДКБ.
Таксама Пуцін зрабіў наступную заяву, што для грамадзян Беларусі не трэба будзе здаваць экзамен на веданне рускай мовы, гісторыі і асноваў заканадаўства, каб жыць і працаваць у Расіі.
«Улічваючы асаблівы характар расейска-беларускіх сувязяў, мы прынялі прынцыповае рашэнне не распаўсюджваць дзеянне гэтых нормаў на грамадзян Беларусі. Для гэтага спатрэбіцца ўнесці папраўкі ў дзеючае заканадаўства. Адпаведны законапраект ужо падрыхтаваны і разглядаецца ў Дзяржаўнай Думе», — сказаў Пуцін.
Лукашэнка запрасіў кіраўніка Расіі нанесці візіт у адказ у Беларусь.