Адміністрацыйны працэс па справе Ксеніі Маргунскай прыпынены

16.12.2015 / 18:09

Адміністрацыйны працэс па справе фітнес-інструктара, якая ўцякла ад кантралёраў праз акно тралейбуса, прыпынены. Пра гэта паведамілі ў Партызанскім РУУС Мінска.

У заяве, пададзенай у міліцыю, 32-гадовая Ксенія Маргунская напісала, што падчас інцыдэнту ёй былі нанесены цялесныя пашкоджанні. Пасля гэтага яна звярнулася па судова-медыцынскую экспертызу. Яе вынікі пакуль не гатовыя, паведамілі ў раённым упраўленні ўнутраных спраў. Чакаецца, што праверка па гэтым здарэнні можа быць завершаная ў Партызанскім РУУС на наступным тыдні.

Інцыдэнт здарыўся 6 снежня на канцавым прыпынку тралейбуса ў раёне вуліцы Ангарскай.

У інтэрв'ю ОНТ Маргунская сказала: «Так, у мяне не было талона, і кантралёр мне прапанаваў аплаціць штраф. У той момант у мяне не было магчымасці аплаціць штраф непасрэдна на месцы і ў гэты час. Я прапанавала дакумент, які сведчыў асобу, — пашпарт, каб склалі пратакол, і затым штраф прыходзіць па паштовым адрасе». Паводле яе слоў, і вадзіцель, і кантралёры вырашылі зачыніць дзверы і не выпускаць з тралейбуса.

Фітнес-інструктар, якая пакінула ў транспарце сваю сумку і пакідала тралейбус цераз акно пад камерай мабільнага тэлефона, прызналася: такое з ёй ўпершыню. Выбрацца цераз акно вырашыла з прынцыпу. Свой учынак ні гераічным, ні камічным не лічыць. «Ні пры якіх акалічнасцях ніхто, за выключэннем упаўнаважаных асоб, а гэта ў нас прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, не мае права пазбаўляць чалавека свабоды, права выбару», — сказала Маргунская. Яна звярнула ўвагу на тое, што кантралёры, якія «накінуліся» на яе, — дарослыя і моцныя мужчыны.