У Мінску міліцыя прыняла жанчыну ў доўгай сукенцы за цыганку ў росшуку і са скандалам затрымала

21.12.2015 / 14:02

15 снежня ў Жанны Бразоўскай быў апошні працоўны дзень. 32-гадовая мінчанка працавала кур’ерам у краме па продажы цацак, але вырашыла звольніцца, каб заняцца творчасцю. Як кажа сама яна, «я шырока вядомая ў вузкіх колах як спявачка Жанна Знакава». Засталося толькі ў апошні раз развезці тавары. Жанна адвяла дачку ў садок і паехала па кліентах.

Жанна Бразоўская ў дзень затрымання была апранутая як меркаваная злодзейка. 

Апоўдні яна прыехала ў дом №27 на Чкалава. Пазваніла ў дамафон, і тут да яе падышоў мужчына.

«Ён адразу сказаў: «Міліцыя. Дзе вы жывяце?». Паказаў пасведчанне, але хутка, я нічога не зразумела. Апрануты ён быў у звычайную вопратку, і я яму не паверыла, — распавяла Жанна «Нашай Ніве». — Таму як мага хутчэй пабегла ў дом, да кліента».

Кліента яна нават папрасіла, каб ён правёў яе — кажа, спужалася. Той пагадзіўся. А калі Жанна з кліентам выйшлі з пад’езда, той самы мужчына яшчэ раз падышоў да іх. Жанна прапанавала паказаць яму пашпарт. Па яе словах, мужчына пагадзіўся і перапісаў яе звесткі.

Але затым пад’ехала звычайная, не міліцэйская, машына. З яе выйшлі двое і прапанавалі Жанне паехаць з імі. Яна спужалася яшчэ больш.

«Я падумала, што гэта нейкія бандыты, пачала крычаць «Ратуйце!». Патрабавала, каб мяне везлі на міліцэйскай машыне. Я званіла ў «102», але яны не давалі мне нармальна гаварыць. Як я павінна была паверыць, што гэта сапраўдныя міліцыянты? — тлумачыць Бразоўская. — Яны пачалі запіхваць мяне ў машыну. Я супраціўлялася. Потым мне казалі, што пашкодзіла ім аўто — што ж, можа быць. Але я ж не разумела, што адбываецца, думала, мяне выкрадаюць».

Жанну адвезлі ў Кастрычніцкае РУУС. Па яе словах, па дарозе ў яе забралі тэлефон, яе пастаянна абражалі. А ў аддзяленні сказалі, што яна падобная да жанчыны, якая абрабавала бабулю на Чкалава. І апранутая была так жа — доўгая клятчастая спадніца, хустка, чорная куртка, ў руках — вялікія торбы. Распыталі, што Бразоўская рабіла 6 снежня, склалі пратакол.

«Агулам я правяла ў аддзяленні 7 гадзін. Я была ў разгубленасці, ў шоку. Тым больш, мае правы ніхто не агучваў. Адзін з міліцыянтаў, Вязовіч, увогуле сказаў: «Я не рэкамендую вам нікому званіць», — кажа Жанна. — Увогуле, яны паводзілі сябе так, нібыта я не чалавек і не жанчына. Размаўлялі груба і па-хамску, пагражалі, што я буду адказваць за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і пашкоджаны салон іх машыны».

У РУУС на яе склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў. Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае штраф ад 2 да 50 базавых велічынь (ад 360 тысяч да 9 мільёнаў рублёў) або адміністрацыйны арышт.

Жанна накіравала звароты ў пракуратуру Кастрычніцкага раёна, раённы аддзел Следчага камітэта, ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС і Адміністрацыю прэзідэнта. Яна просіць аб адмене пратакола, які лічыць незаконным, і скардзіцца на дзеянні супрацоўнікаў РУУС.

«Нярэдка я бяру дачку з сабою на працу. А ў той дзень у мяне проста былі вялікія торбы, і я адвяла яе ў садок. Уявіце, каб пры ўсім гэтым прысутнічала дзіця! — абураецца Бразоўская. — Я хачу, каб пра гэтую гісторыю ведалі, каб больш ніхто не трапіў у такую сітуацыю. Міліцыянты казалі, што, калі мне штосьці не падабаецца, я магу з’ехаць у іншую краіну. Уяўляеце?!».

Прэс-афіцэр Кастрычніцкага РУУС Леанід Ушэнін пацвердзіў, што 15 снежня Жанну Бразоўскую затрымалі супрацоўнікі УУС. Гэта былі оперупаўнаважаныя крымінальнага вышуку. Ушэнін кажа, што міліцыянты дзейнічалі па законе і абвяргае некарэктнасць дзеянняў з іх боку.

Уладзіслаў Швядовіч