У Азербайджане пасля дэвальвацыі маната перасталі працаваць магазіны і абменнікі

21.12.2015 / 13:48

Рэзкае падзенне кошту азербайджанскага маната пасля прынятага Цэнтральным банкам краіны рашэння аб пераходзе на плаваючы курс прывяло да таго, што гандлёвыя сеткі пачалі абмяжоўваць продаж імпартных тавараў.

Паводле звестак партала haqqin.az, у цяперашні час у Баку зачыненыя сеткі электронікі İrshad Telekom, Music Gallery, Baku Electronics. Як піша выданне, прычынай закрыцця называюць пераацэнку тавараў.

У харчовых крамах прыпынены продаж імпартнай прадукцыі, у тым ліку завезенай у Азербайджан з Расіі, Украіны і краін СНД. Як паведамілі haqqin.az уладальнікі гандлёвых кропак, у цяперашні час яны чакаюць указанняў у сувязі падзеннем курсу нацыянальнай валюты.

Агенцтва Trend.az паведамляе таксама, што банкі Азербайджана часова прыпынілі грашовыя пераводы, у многіх абменніках пакуль не праводзяцца і аперацыі па абмене наяўнай валюты.

Эксперты асцерагаюцца, што пасля дэвальвацыі маната ў пазычальнікаў паўстануць сур'ёзныя праблемы з абслугоўваннем узятых раней валютных крэдытаў.

«Чакаюцца праблемы з вяртаннем крэдытаў у далярах», — папярэдзіў старшыня Цэнтра эканамічнага і сацыяльнага развіцця Вугар Байрамаў.

У сваю чаргу дэпутат парламента Азербайджана Руфат Гуліеў у інтэрв'ю Trend заявіў, што ўрад зробіць усё магчымае, каб прадухіліць рост цэнаў на прадукты харчавання, паслугі ЖКГ і транспарт, «каб сітуацыя не вельмі моцна адбілася на дабрабыце насельніцтва».

Па словах Гуліева, рашэнне аб дэвальвацыі азербайджанскага маната было вымушаным і чаканым па прычыне скарачэння валютных рэзерваў Цэнтральнага банка. Іншым чыннікам, ён назваў рашэнне ФРС ЗША аб павышэнні базавай стаўкі.