У Слоніме памёр Андрэй Вайтовіч

На 88‑м годзе жыцьця адышоў вэтэран беларускага вызвольнага руху Андрэй Вайтовіч. Яго пахавалі пад бел‑чырвона‑белым сьцягам 1 красавіка на слонімскіх могілках.

02.04.2008 / 11:27


Андрэй Вайтовіч

На 88‑м годзе жыцьця адышоў вэтэран беларускага вызвольнага руху Андрэй Вайтовіч. Яго пахавалі пад бел‑чырвона‑белым сьцягам 1 красавіка на слонімскіх могілках.

Калісьці пра яго лёс пісала «НН» (Дэсант у няпэўнасьць, 1997, 24 сакавіка). Малады настаўнік, сябра Беларускай незалежніцкай партыі Вайтовіч напрыканцы 1943‑га становіцца вайскоўцам наваградзкага швадрону Барыса Рагулі. Адначасова дапамагае зброяй і боепрыпасамі свайму сябру, таксама беларускаму патрыёту, які ўдзельнічаў у польскім антынацысцкім супраціве. Летам 1944‑га разам з каханай дзяўчынай адступіў зь Беларусі, яны выпадкова патрапілі ў беларускі дэсантны батальён і пасьля кароткай падрыхтоўкі былі скінутыя на парашутах на бацькаўшчыну. Б. Рагуля загадаў Вайтовічу не выконваць нямецкіх загадаў, а арганізоўваць кансьпірацыю БНП.

У верасьні 1944—га яго выдаў чэкістам здраднік. Вайтовіча катавалі, ён абвесьціў галадоўку ў менскай «амэрыканцы», яго вывелі зь яе прымусова. Пасьля былі доўгія гады зьняволеньня.

У Беларусь Андрэй Вайтовіч вярнуўся ў 1960 годзе, жыў пад наглядам у Слоніме. Ён сябраваў з Ларысай Геніюш, дапамагаў ёй.

«Вы не забыліся, не пакінулі мяне ў найцяжэйшыя дні», — пісала яна Вайтовічу ў жніўні 1980 году.

Да сваіх апошніх дзён Андрэй Вайтовіч заставаўся шчырым беларускім патрыётам, цікавіўся жыцьцём краіны, быў падпісчыкам недзяржаўнай прэсы. Ужо хворы і слабы, Вайтовіч, як прафесійны будаўнік, дапамагаў аднаўляць праваслаўны сабор.

Сьветлая памяць!


СЁ
Здымак Алеся Масюка