Японія выбачылася перад Карэяй за «жанчын для суцяшэння»

28.12.2015 / 11:11

Міністры замежных спраў Японіі і Паўднёвай Карэі прынялі пагадненне аб рашэнні праблемы сэксуальнага рабства ў часы Другой сусветнай вайны.

У ходзе перамоў у Сеуле прадстаўнікі Японіі прынеслі афіцыйныя прабачэнні за выкарыстанне карэянак у бардэлях японскай арміі ў час вайны.

Кіраўнік МЗС Японіі Фуміа Кісіда таксама абвясціў пра стварэнне фонду ў памеры 8 млн даляраў для дапамогі жанчынам, якіх выкарыстоўвалі як сэкс-рабынь.

Міністр замежных спраў Паўднёвай Карэі заявіў, што праблема будзе вырашана, калі японскія ўлады выканаюць усе свае абавязацельствы.

Па афіцыйных дадзеных карэйскіх уладаў, у гады Другой сусветнай вайны каля 200 тысяч жанчын з Карэі, Кітая, Тайваня, Філіпін і Інданезіі былі вымушаныя стаць так званымі «жанчынамі для суцяшэння» японскіх салдат. У Паўднёвай Карэі ў жывых з іх засталося 46.

Раней Токіа і Сеул правялі ўжо больш за дзесятак раўндаў перамоваў на гэтую тэму, але да гэтага часу яны былі безвыніковымі.