Створаны міжведамасны савет па рэфармаванні сістэмы кіравання дзяржфінансамі

29.12.2015 / 07:54

Сістэма кіравання дзяржфінансамі ў Беларусі будзе рэфармаваная. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў № 1080 ад 23 снежня 2015 года, паведаміла ў панядзелак прэс-служба ўрада. 

Стратэгія ўяўляе сабой комплекс мер, неабходных для дасягнення «доўгатэрміновай збалансаванасці і ўстойлівасці бюджэтнай сістэмы, павышэння якасці кіравання дзяржаўнымі фінансамі». 

Стратэгія падрыхтавана на аснове ацэнкі эфектыўнасці кіравання дзяржфінансамі, праведзенай Сусветным банкам у адпаведнасці з міжнароднай метадалогіяй (PEFA). 

Асноўныя кірункі стратэгіі: павышэнне рэалістычнасці бюджэту, укараненне яго сярэднетэрміновага планавання, узмацненне кантролю выкарыстання бюджэтных сродкаў, распрацоўка эфектыўнай сістэмы кіравання пазабюджэтнымі сродкамі дзяржорганаў і іншых бюджэтных арганізацый, удасканальванне механізмаў кіравання дзярждоўгам. 

Для рэалізацыі стратэгіі ствараецца міжведамасны савет. Яго ўзначаліць першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль Мацюшэўскі. Савет будзе каардынаваць рэалізацыю стратэгіі, фарміраваць прапановы аб павышэнні эфектыўнасці кіравання дзяржфінансамі, разглядаць вынікі працы, што праводзіцца ў гэтым кірунку.