У абарону «Нашай Нівы»
У аўторак галоўны рэдактар «НН» паінфармаў пра сытуацыю вакол газэты праўленьне Беларускай асацыяцыі журналістаў. БАЖ цалкам падтрымаў газэту. Былі абмеркаваныя шляхі падтрымкі выданьня.
29.04.2006 / 00:20
* * *
У аўторак галоўны рэдактар «НН» паінфармаў пра сытуацыю вакол газэты праўленьне Беларускай асацыяцыі журналістаў. БАЖ цалкам падтрымаў газэту. Былі абмеркаваныя шляхі падтрымкі выданьня.
* * *
У аўторак увечары адбылася сустрэча галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» зь лідэрам Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам. А.Дынько паінфармаваў А.Мілінкевіча пра сытуацыю вакол «Нашай Нівы» і расказаў пра ідэю ўнясеньня газэты ў «Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва» ЮНЭСКо.
А.Мілінкевіч выказаў салідарнасьць з газэтай і паабяцаў інфармаваць міжнародную супольнасьць пра сытуацыю з газэтай. У прыватнасьці, ён узьняў гэтае пытаньне ў часе візыту ў Нарвэгію, які адбыўся на мінулым тыдні, у тым ліку ў гутарцы з прэм’ер-міністрам Нарвэгіі.
* * *
У сераду ўранку прадстаўнікі Рэдакцыі «Нашай Нівы» наведалі Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі. Нашаніўцы паінфармавалі дыпляматаў пра сытуацыю вакол «Нашай Нівы» і перадалі Рэдакцыйны зварот у гэтай справе.
Галоўны рэдактар расказаў аб тым, што Рэдакцыя рыхтуе зварот да прэзыдэнта і прэм’ер-міністра Літвы з просьбай, каб яны хадайнічалі перад ЮНЭСКО аб уключэньні газэты «Наша Ніва» ў «Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва». На думку Рэдакцыі, Літва мае маральнае права на гэта, бо «Наша Ніва» ў 1906—1915, 1991—1996 гадах выдавалася ў Вільні. 100-годзьдзе газэты, якая вытварыла беларускую літаратурную мову, беларускую клясычную літаратуру, беларускую дзяржаўніцкую ідэю — добрая для таго нагода. «Наша Ніва» мае прасіць урады іншых краінаў, міжнародныя і недзяржаўныя інстытуцыі, што маюць такое права, падтрымаць гэтае хадайніцтва перад ЮНЭСКО. Гэты сымбалічны крок — можа быць, апошняе, што сьвет можа зрабіць для беларускай прэсы.
Быў абмеркаваны шэраг практычных пытаньняў.
* * *
У сераду галоўны рэдактар «НН» быў запрошаны на абед з удзелам камісара ўраду ФРГ па палітыцы ў галіне правоў чалавека і гуманітарнай дапамогі Гюнтэра Ноке. Гэта была нагода данесьці да нямецкага ўраду інфармацыю пра жаданьне лукашэнкаўскіх ідэолягаў задушыць апошнюю цалкам беларускамоўную незалежную газэту. Г.Ноке заверыў, што гэтыя факты паўплываюць на рашэньні ўладаў Нямеччыны і кіраўніцтва Эўрасаюзу, датычныя беларускага пытаньня.
* * *
У чацьвер рэдактар «НН» сустрэўся з паслом ЗША Джорджам Кролам. А.Дынько паінфармаваў дыплямата пра сытуацыю вакол «Нашай Нівы» і перадаў Рэдакцыйны зварот у гэтай справе. Пасол ЗША сказаў, што ўважліва сочыць за сытуацыяй вакол газэты. Адбылася працяглая гутарка на тэмы, што ўяўляюць цікавасьць у гэтым кантэксьце.
* * *
У пятніцу рэдактар «Нашай Нівы» наведаў пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Менску. На гэты момант Латвія рэпрэзэнтуе ў Беларусі інтарэсы Эўразьвязу.
У выніку гутаркі было дамоўлена, што на чарговай сустрэчы паслоў краінаў ЭЗ, якія адбываюцца ў аўторкі, пасол Латвіі спн. Майра Мора паінфармуе сваіх калегаў пра сытуацыю вакол «Нашай Нівы» і азнаёміць з Рэдакцыйным зваротам у гэтай справе.
Латвійскія дыпляматы падкрэсьлілі, што справа ўнясеньня ў сьпіс ЮНЭСКО — доўгая і няпростая. Яны расказалі пра тое, якім доўгім быў працэс унясеньня ў гэты сьпіс латыскіх дайнаў.
* * *
Прыходзяць першыя лісты падтрымкі ініцыятывы пра ўнясеньне «Нашай Нівы» ў Сьпіс сусьветнае культурнае спадчыны. Яны скіраваныя на адрас літоўскага ўраду і Рэдакцыі. Іх даслалі Таварыства беларускай культуры ў Вільні, катэдра беларусістыкі Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, Нарвэскі Дом правоў чалавека.
У час сваёй працы кіраўніком упраўленьня па справах моладзі й адукацыі Менгарвыканкаму ён спрычыніўся да ліквідацыі Гуманітарнага ліцэю.