У забітым камандзіру ДНР апазналі крымінальніка з Магілёва

12.01.2016 / 12:35

Нядаўна расійскія СМІ паведамілі пра тое, што ў Данецку невядомы снайпер забіў падпалкоўніка ДНР Яўгена К. з пазыўным «Кот». Як высветліў «Беларускі партызан», забіты камандзір баевікоў — жыхар Магілёва, які адправіўся ваяваць на ўсход Украіны ў маі 2014 года.

Медыйныя рэсурсы сепаратыстаў ДНР ацэньваюць заслугі грамадзяніна Беларусі К. вельмі высока. Ён быў намеснікам камбрыга нейкай «100-й мотастралковай брыгады».

«Яўген Юр'евіч прайшоў практычна ўсе ключавыя баі за свабоду нашай маладой Рэспублікі. Змагаўся за «ліквідацыю катлоў» на мяжы з РФ, удзельнічаў у абароне Шахцёрска і Савур-Магілы, у наступе на паўднёвым участку, у баях за аэрапорт, атрымаў раненне», — пішуць пра яго медыі сепаратыстаў.

«Кот быў сапраўдным вайскоўцам, які прайшоў гарачыя кропкі на Паўночным Каўказе. І калі навісла пагроза самому існаванню рускага Данбаса, ён без усялякіх сумневаў стаў на яго абарону. Вечная памяць табе, верны сын свабоднага Стэпа» — заявіў мясцовым журналістам нехта Аляксандр Мацюшын, пазыўны «Вараг».

Сапраўды, К. удзельнічаў нават у ваенным парадзе, які атрады сепаратыстаў зладзілі ў цэнтры Данецка, ішоў на чале калоны свайго батальёна. На фота — ён у цэнтры.

Па фатаграфіях, якія ён часам выкладваў у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі», відаць, што на Данбас Конанаў прыехаў літаральна адразу, як Расія пачала там спецаперацыю.

Ён любіў фатаграфавацца на фоне дарагіх іншамарак са зброяй. На адной з фатаграфій ён стаіць ля іншамаркі з чачэнскімі нумарамі і ў каментары пад фатаграфіяй напісаў, што «гэта Чачня прыехала на Данбас».

Старонка К. у «Аднакласніках» была замаскіраваная пад нік «111111111». Нехта апошні раз заходзіў на яе 10 студзеня. Але гэта дакладна яго старонка, бо сярод яго сяброў шмат жыхароў Магілёва. Таксама ён паказаў сваяцтва з двума сваімі братамі, адзін з якіх скончыў Магілёўскую школу міліцыі і хаваецца пад нікам «Дзядзя Ваня». Хоць, мяркуючы па ўсім, гэта яго зводныя браты, народжаныя ў другой сям'і бацькі.

У перапісцы пад фатаграфіямі сябры называлі яго Жэнем. Клікалі прыехаць на радзіму і выпіць гарэлкі.

Яўген Конанаў адказвае, што цяпер яго новая радзіма — гэта ДНР.

Як нам распавялі людзі, якія ведалі К. па Магілёве, у загінулага «падпалкоўніка ДНР» багатая біяграфія.

У Магілёве сярод сяброў у яго была мянушка Коша. Ён рос адзін з маці, якая ў 90-х гадах працавала камерцыйным дырэктарам на рэгенератарным заводзе. Жылі яны ў цэнтры, насупраць гасцініцы «Магілёў».

Адслужыўшы ў дэсантных войсках у Мар'інай Горцы ён вярнуўся дадому, але на грамадзянцы жыццё не вельмі заладзілася. Яўген К. рана ажаніўся, у Магілёве ў яго засталіся дзве дачкі.

Суседзі К. распавялі, што ў Магілёве ён быў судзімы за разбой. Гэтым можна растлумачыць, чаму сярод яго сяброў у «Аднакласніках» ёсць відавочна людзі з крымінальным мінулым і судзімыя.

Пасля гэтых першых непрыемнасцяў К. з'ехаў у Маскву на будоўлю зарабляць грошы. Яго пасадзілі ў Расіі, але нейкім дзіўным чынам ён апынуўся ў Данецку.

Тут ён сустрэў жанчыну і завёў новую сям'ю. У жніўні ў Данецку ў К. нарадзіўся сын. У Магілёў ён дакладна ўжо вяртацца не збіраўся.

Ці Яўген К. загінуў ад кулі ўкраінскага снайпера? Ці яго смерць — вынік разборак ўнутры баевікоў?

Так сумна скончыўся лёс «салдата ўдачы» з Магілёва. Пахаваюць яго пад Данецкам.

Гэта ўжо не першая смерць грамадзян Беларусі, якія адпраўляюцца ваяваць за сепаратыстаў ДНР / ЛНР.

Ёсць сярод наёмнікаў і жанчыны, як снайперка з Барысава, сляды якой пакуль зніклі.