Дырэктара Бабруйскага мясакамбіната вінавацяць у нанясенні шкоды прадпрыемству на 33 млрд рублёў
15.01.2016 / 21:43
Следчыя органы завяршылі расследаванне справы былога дырэктара ААТ «Бабруйскі мясакамбінат», які абвінавачваецца ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і злоўжыванні імі.
Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, дырэктар мясакамбіната з верасня 2009 года па кастрычнік 2014 года арганізаваў заключэнне кантрактаў з двума суб'ектамі гаспадарання, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць на тэрыторыі Расіі, на ўмовах адтэрміноўкі плацяжу. Гэта пацягнула цяжкія наступствы для прадпрыемства, якія выявіліся ў прычыненні яму шкоды на 33 млрд рублёў.
«Следствам дадаткова выяўлена, што абвінавачваны, жадаючы пазбегнуць матэрыяльных затрат, звязаных з пошукам кваліфікаваных спецыялістаў і аплатай работ, незаконна выкарыстаў працу падпарадкаваных яму рабочых для выканання будаўніча-рамонтных прац на зямельным участку, якi знаходзiцца ў яго ў карыстанні», — адзначыла Салянюк.
З мэтай кампенсацыі нанесенай дзяржаве шкоды накладзены арышт на маёмасць абвінавачанага ў суме больш за 500 млн рублёў.
Матэрыялы крымінальнай справы ў аб'ёме 40 тамоў перададзеныя ў пракуратуру Магілёўскай вобласці для накіравання ў суд.