Сьмерць на курорце

У эгіпецкім тэракце загінуў намесьнік дырэктара менскай «Містэрыі гуку».

29.04.2006 / 00:52

У аўторак у выніку тэракту ў партовым мястэчку Дахаб, што ў Эгіпце, загінуў намесьнік дырэктара менскай дыскарні «Містэрыя гуку» Аляксандар Шлык. Інфармацыйныя агенцыі называюць пакуль лічбу ў 87 параненых і болей за 20 загінулых, сярод якіх беларус і яго сябра Леанід Цітарэнка — дырэктар маскоўскай гуказапісвальнай кампаніі «Маналіт». Цела беларуса было распазнанае, і пра яго сьмерць ужо паведамілі сваякам. Пацьвердзілі гэту інфармацыю і ў менскай турыстычнай кампаніі «Топ-тур». Там адзначылі, што Шлык зьвяртаўся да паслуг іхнай кампаніі, але выправіўся ў Эгіпет праз расейскага турыстычнага апэратара.

Паводле словаў знаёмых намесьніка дырэктара «Містэрыі гуку», А.Шлык выправіўся ў адпачынак з Масквы, разам з сваімі сябрамі. Ён быў аматарам дайвінгу ды вандраваў на яхце. Аляксандар зь сябрамі спыніўся ў Дахабе. У раёне рэстарацыі «Нэльсан» адбыўся выбух. Падарваліся тэрарысты-сьмяротнікі — гэта вызначылі па адсутнасьці варонак на месцы выбухаў. Выбухі таксама адбыліся паблізу ў гандлёвым цэнтры і бары. Пры першым абвяшчэньні прозьвішчаў загінулых быў названы Л.Цітарэнка, аднак прозьвішча беларуса ў сьпісах не фігуравала. Бліжэй да 17.00 пачалі паступаць зьвесткі пра тое, што цела беларуса было апазнанае.

«Дахаб» у перакладзе значыць «залаты»…

Сяргей Будкін