Больш чым у паловы работнікаў заробак амаль на 1,5 млн не дацягвае да афіцыйнага сярэдняга

18.01.2016 / 13:26

Белстатам праведзена дзяржаўнае статыстычнае назіранне пра размеркаванне колькасці работнікаў па памерах налічанай заработнай платы за лістапад 2015 года. На аснове дадзеных вызначаны медыянны заробак.

Медыянны заробак — памер заработнай платы, які знаходзіцца ў цэнтры шэрагу размеркавання колькасці работнікаў па памерах налічанай заработнай платы і які дзеліць яго на дзве роўныя часткі: з заработнай платай ніжэйшай і вышэйшай медыя.

Такім чынам медыянная заработная плата ў лістападзе 2015 склала Br5 млн 282,8 тыс. І была менш за сярэднюю заработную плату на 21,7%, або на Br1 млн 466 тыс.

У Беларусі ў лістападзе 2015 г. доля работнiкаў з заробкам ніжэй за Br2 млн склала 2,8% ад усёй колькасцi работнiкаў у абследаваных арганізацыях; удзельная вага работнікаў з заробкам звыш Br10 млн склаў 11,1%, у тым ліку звыш Br20 млн - 1,4%.

Дэцыльны каэфіцыент дыферэнцыяцыі паказвае, у колькі разоў мінімальны ўзровень заработнай платы 10% найбольш высокааплатных работнікаў перавышае максімальны ўзровень заработнай платы 10 адсоткаў найменш аплатных работнікаў. У лістападзе 2015 мінімальны ўзровень заработнай платы па краіне 10% найбольш высокааплатных работнікаў у 4,1 разу перавышаў максімальны ўзровень заработнай платы 10% найменш аплатных работнікаў.

Дадзены паказчык у разрэзе абласцей вагаўся нязначна: ад 3,6 разу ў Магілёўскай вобласці да 4,2 разы ў сталіцы.

Варта ўлічваць, што сума ў 5 млн 282,8 тыс. — гэта без уліку падаткаў.

Такім чынам пасля выплаты падаткаў, па курсе на сёння, можна купіць 220 даляраў.