Дырэктар у дырэктара выцягнуў з курткі грошы

Два дырэктары прыватных прадпрыемстваў 9 студзеня выпадкова сустрэліся ў бары ў Вілейцы.

22.01.2016 / 10:44

Раней яны былі знаёмыя, сталі адзначаць сустрэчу. Адзін з іх адышоўся ад століка. А ў другога, 30-гадовага віляйчаніна, на той момант узніклі фінансавыя цяжкасці. Ён скарыстаўся момантам і выцягнуў з кішэні курткі знаёмага 2 мільёны 800 тысяч рублёў, расказаў начальнік Вілейскага райаддзела Следчага камітэта Яўген Мягкоў.

Пацярпелы спрабаваў самастойна разабрацца і вярнуць грошы, але не атрымалася. Ён 16 студзеня звярнуўся ў міліцыю. У дачыненні да віляйчаніна завялі крымінальную справу за крадзеж.

— Падобныя выпадкі ў піцейных установах, дзе няма магчымасці забяспечыць належную ахову рэчаў, нярэдкія, – кажа Яўген Мягкоў. — Таму пры іх наведванні раіў бы больш адказна адносіцца да захоўвання сваіх рэчаў, не пакідаць іх без нагляду.