Лявон Вольскі: Не чапайце Смолавай!
«Ня варта караць жаўнераў, карайце афіцэраў і генэралаў», — перасьцерагае рок-музыка.
29.04.2006 / 00:59
Шаноўнае спадарства!
Я хачу зьвярнуцца да сяброў грамадзкай ініцыятывы, якія складаюць сьпісы «неўязных» у Эўропу.
Мне малазнаёмыя прозьвішчы шмат каго з гэтае «неўязное» кампаніі. Я ніколі зь імі не кантактаваў, і ня вельмі хочацца. Хаця сярод іх, напэўна ж, ёсьць таямнічыя «байцы нябачнага фронту», якія паўплывалі на цяперашнюю сытуацыю з канцэртамі незалежных музыкаў у нашай краіне.
Дык вось. Не паўтарайце чужых памылак. Не чапайце, калі ласка, таварышаў Смолаву, Ярмоленку і іншых афіцыйных сьпевакоў. Ну, сьпявалі (зрэшты, не сьпявалі, усё было пад фанаграму) яны на агітацыйных канцэртах, ну, давалі інтэрвію пра адданасьць уладзе… А што ім было рабіць? Гэтыя людзі — на дзяржслужбе. Яны працуюць у тэатрах эстрады, дзяржаўных аркестрах, іншых нейкіх установах. Адмовіцца ад канцэрту — значыцца, падпісаць сабе як артысту вырак тут, у Беларусі. Зь мясцовае зоркі ты робісься чорнай дзіркай. Ці жоўтым карлікам. А дзе ім яшчэ працаваць? У якой краіне? Толькі тут ёсьць шанец.
Не чапайце іх. Ну, артысты, ну, прыдворныя, хто ж чапае артыстаў! Чапайце ідэолягаў, начальнікаў… У нашых эстраднікаў папросту не было выбару. Вось раптам усё зьменіцца, і ў іх зноў ня будзе выбару — яны будуць на баку дзяржавы, якой бы яна ні была. Гэта спэцыфіка работы.
Таму я прашу Вас адклікаць прозьвішчы сьпевакоў і сьпявачак з Вашага «неўязнога» сьпісу. Удзел у агітацыйных канцэртах — гэта не злачынства, гэта іхная бяда. Яны прымусілі сябе паверыць (ня ўсе, натуральна, лепшыя, найбольш таленавітыя й шчырыя зь іх, астатнія папросту цынічна займаюцца кар’ерай), што працуюць у імя лепшае будучыні, міру, стабільнасьці і дабрабыту народу, за Беларусь. Толькі што гэта за Беларусь — безь беларускае мовы, з гісторыяй, што пачынаецца з другой сусьветнай вайны, бяз Быкава і Барадуліна… Зрэшты, гэта ім не растлумачыш, ня варта й пачынаць.
Яшчэ раз прашу, шаноўнае спадарства, тыя, хто складае сьпісы «неўязных» людзей: не прыпадабняйцеся дзяржаўным ідэолягам, якія ў адзін момант «разабраліся» з айчыннай незалежнай музыкай! Нашыя поп-выканаўцы — як спартоўцы, як жаўнеры — што ім загадаюць, тое і зробяць, тое і скажуць. Ня варта караць жаўнераў, карайце афіцэраў і генэралаў.
Калі Вас не пераканала ўсё вышэйсказанае, скажам гэтак: Сьвет ня ведае нічога пра нашых «майстроў эстрады». Пасьля Вашых забаронаў даведаецца. Вам гэта трэба?