Радыё Рацыя будзе трансляваць праграмы Ватыканскага радыё
27.01.2016 / 18:43
Беларускае Радыё Рацыя з 1 лютага 2016 года пачынае штодзённую рэтрансляцыю праграм Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. 19-хвілінная перадача з Ватыкана будзе выходзіць у эфір з панядзелка па пятніцу у 22.10 паводле беларускага часу, а па суботах і нядзелях у 23.10.
Вяшчанне Радыё Рацыя ахоплівае тэрыторыю, якую насяляе каля 2,5 мільёнаў чалавек. На хвалі 98,1 FM яго можна слухаць у Беластоку, Гродне, Ваўкавыску, Шчучыне, Лідзе, Мастах, Лунне, Сапоцкіне, Бераставіцы, Скідзелі, Індуры, Зэльве, Азёрах, Гайнаўцы, Бельску-Падляшскім, Сямятычах, Саколцы, Аўгустове. На хвалі 99,2 FM – у Брэсце, Белай-Падляскай, Камянцы, Высокім, Маларыце. Радыё Рацыя можна слухаць практычна ва ўсёй паласе польска-беларускай мяжы.
Для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё гэта падзея стала гістарычнай. Упершыню за 66-гадовую гісторыю яе праграмы будуць рэтранслявацца іншай радыёстанцыяй штодзённа і ў поўным фармаце.
Навіны Ватыканскага радыё выходзяць і ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Але выпуск, працягласцю ўсяго 5 хвілін, гучыць толькі раз на тыдзень, у нядзелю раніцай.