У Смаргонскім раёне падлетак выпаў з аўтобуса. Кіроўцу, які дапусціў гэта, асудзілі

28.01.2016 / 12:22

Усё адбылося 24 чэрвеня мінулага года ў аграгарадку Солы Смаргонскага раёна. Дзеці вярталіся пасля заканчэння змены з летніка для будучых спартсменаў. Калі аўтобус пад'язджаў да прыпынку па вуліцы Сацыялістычнай і яшчэ не спыніўся, у яго нечакана адчыніліся дзверы.

10-гадовы хлопчык не ўтрымаўся ў аўтобусе і выпаў на праезную частку. У выніку падзення ён атрымаў цяжкія траўмы галавы.

У ходзе расследавання было ўстаноўлена, што кіроўца быў цвярозы, але парушыў шэраг патрабаванняў Правілаў дарожнага руху. У прыватнасці, абавязак гарантаваць бяспечныя ўмовы перавозкі пасажыраў, ажыццяўляць пасадку і высадку пасажыраў толькі пасля поўнага прыпынку транспартнага сродку, а пачынаць рух — толькі з зачыненымі дзвярыма і не адчыняць іх да поўнага прыпынку, паведамляе «Гродзенская праўда».

Кіроўцу аўтобуса прызначана пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу і пазбаўлення права кіраваць транспартнымі сродкамі на 5 гадоў.