О, гукі роднае мабілы…
Хоць сусьветны навуковы прагрэс паціху кранае і нашу краіну, але сам просты люд так і застаецца на ніжэйшых прыступках культуры. Навучыўшыся карыстацца складанай тэхнікай, большасьць так і не навучылася простым правілам паводзін.
29.04.2006 / 01:02
Хоць сусьветны навуковы прагрэс паціху кранае і нашу краіну, але сам просты люд так і застаецца на ніжэйшых прыступках культуры. Навучыўшыся карыстацца складанай тэхнікай, большасьць так і не навучылася простым правілам паводзін.
Пару год таму пашчасьціла наведаць некалькі польскіх тэатраў. Зьдзівіла на той час тое, як перад пачаткам паказаў да гледачоў зьвяртаюцца празь мікрафон з просьбаю выключыць на час сэансу сотавыя тэлефоны. Але большасьць наведвальнікаў выключалі гукі мабільных самі, не чакаючы нагадваньня.
Сёлета ў Баранавічах гасьцілі некалькі тэатральных гуртоў. П’есе праз кожны дзясятак хвілін спадарожнічалі разнастайныя рынгтоны ды ў выступ артыстаў упляталіся словы з глядзельнай залі: «Я ў тэатры, што ты хацеў?» Можна дадаць, што паглядзець п’есы ходзяць людзі, якія лічаць сябе адукаванымі й культурнымі. Эліта гораду.
Сьпяваюць штонядзелю мабільнікі нават падчас імшы ў касьцёле. Дарма што на ўваходных дзьвярах сьвятыні вісіць ліст зь перакрэсьленым сотавікам. Аб’яваў у нас не чытаюць. Неяк патэлефанаваў сябру ў Чэхію. Пачуў: «Прабач, я ў трамваі. Перазвані праз 15 хвілін».
Некалі ў хаце не было за што рукою ўхапіцца, але ж вопратку апраналі найлепшую. Каб людзям паказаць… Тое самае й цяпер — купляюцца мабільнікі за 500 даляраў, пасьля ж на рахунак кладзецца нейкі мінімум ды ашчаджаецца кожнае імгненьне. Крый божа хто папросіць патэлефанаваць… Але на людзях пабалбатаць з «трубой» — гэта сьвятое…
Неяк у штурханіну аўтобуса ўціснуўся маладзён з сотавікам. Трымаючыся за тэлефон і сваю торбу, хлопец прыстроіўся на сьпіне нейкай бабулькі і працягваў гутарку: «Дзе я? У аўтобусе. Народу як быдла ў кароўніку». Бабка распачала сварку. Хлопец паслаў яе далёка і прадоўжыў гутарку зь нябачным суразмоўнікам: «Ну што там? Пяцьсот даляраў прывязу сёньня, а дзьве тысячы будзе ў мяне толькі заўтра».
— Глядзі ты, круты! — мармытнуў пад нос нейкі мужык. — Чаго ж ня езьдзіш на таксоўцы? Дый мабільнік купіў бы лепшы, а то з «Сымэнсам-А30»…
Баранавічы