Аўральныя ласкі
Мабыць, вы неаднаразова былі сьведкамі рамонтных работ, прымеркаваных да «дня гораду», «дажынак», альбо іншых падзей. Пачынаюцца яны за пару месяцаў да вызначанай даты і праходзяць нясьпешна. Сапраўдная пасьпешлівасьць пачынаецца, калі раптоўна высьвятляецца, што часіна Х пасьлязаўтра, а ня ўсё яшчэ даведзена да ладу. Рамонтнікі адразу ўспамінаюць, што можна працаваць да позьняй ночы. Пачынаецца аўрал.
29.04.2006 / 01:03
Мабыць, вы неаднаразова былі сьведкамі рамонтных работ, прымеркаваных да «дня гораду», «дажынак», альбо іншых падзей. Пачынаюцца яны за пару месяцаў да вызначанай даты і праходзяць нясьпешна. Сапраўдная пасьпешлівасьць пачынаецца, калі раптоўна высьвятляецца, што часіна Х пасьлязаўтра, а ня ўсё яшчэ даведзена да ладу. Рамонтнікі адразу ўспамінаюць, што можна працаваць да позьняй ночы. Пачынаецца аўрал.
Аўральныя моманты прысутнічаюць бадай што паўсюль. Аўрал — рэч інтэрнацыянальная, але чаму для беларусаў ён стаўся неад’емнай часткай жыцьця, ледзьве не мэнтальным фэноменам?
Упершыню беларусы сутыкнуліся з аўралам у другой палове XVI ст. Полацкая вайна прынесла першы цяжар акупацыі, Іван Жахлівы лічыў сябе за гаспадара і пад пагрозаю пакараньня прымушаў беларусаў розных станаў тэрмінова выконваць свае прыхамаці. У наступныя дзесяцігодзьдзі сытуацыя тэрміновась пад прымусам паўтаралася, навязваючы жыхарству новы тып сьвядомасьці. Мо адсюль іранічныя казкі пра капрызьлівых цароў-самадураў, што патрабуюць ад героя як чуй дух выканаць якую-небудзь немагчымую місію. Можа, адгэтуль беларускі выверт сэнсу стараславянскага слова «благо». Аддаючы ў тысяча першы раз апошнюю крошку хлеба, гаротны аўтахтон ледзь чутно, але зь відавочнай іроніяй шаптаў: «Во, братка, як блага». З часам аўрал зрабіўся штодзённым. Мацнеў прыгон. «Гвалты» і «згоны» былі павіннасьцямі чыста аўральнага кшталту. І калі прыходзіў чарговы акупант, прыгонны селянін адно мог параўнаць, хто больш дзярэ — пан ці прыхадзень. І, нават калі апошні драў больш, хапацца за зброю многія ня бачылі падстаў. Было цяжка, але звыкла. Цярпі, Зося, так прыйшлося.
Нават пасьля скасаваньня прыгону многія сяляне не маглі сябе знайсьці ў новай сыстэме паводзінскіх каардынат. Ранейшае жыцьцё «ў падданстве» (пастаянным прымусе і аўрале) былому прыгоннаму здавалася больш аптымальным, чым свабоднае выкананьне амаль таго самага комплексу спраў. Капіталізм раздражняў — варушыцца трэба было самохаць, а не пад узьдзеяньнем вонкавых чыньнікаў. Можа, таму савецкая таталітарная ідэалёгія і змагла грунтоўна ўкараніцца ў Беларусі. Поўны кантроль над асобай зь безумоўным маніпуляваньнем ёю — чаго яшчэ жадаць носьбіту аўральнае сьвядомасьці?! Што праўда, прага павіснуць марыянэткай на нечых нітках не гарантавала ратунку ад сьмерці.
Ці ўсё так фатальна? Мабыць, не. Сучасныя беларусы ў змозе спакойна працаваць для сябе і пад уласным кантролем над сабою. Многія гэта робяць ці, прынамсі, спрабуюць рабіць. Дзяржава ж па-ранейшаму імкнецца пранікаць ва ўсе сфэры жыцьця, ператварыўшы штодзённую працу ў надзвычайшчыну, злаўжываючы патрабаваньнем тэрміновасьці. Ад празьмернай тэрміновасьці і коні дохнуць. Будзьма спакойнымі. Як удавы на паляваньні.
Гомель