Пазняк: Планаў вярнуцца ў Беларусь няма, чуткі пра гэта — правакацыя
«Гэта правакацыя спецслужбаў, прычым расейскіх», – так назваў ілжывыя звесткі пра вяртанне палітыка Зянона Пазьняка намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі.
03.02.2016 / 07:50
Зянон Пазняк, 31 студзеня 2016 г., Нью-Ёрк, фота Віктара Дударава.
Паводле яго слоў, ёсць інфармацыя, што Пазьняк знаходзіцца ў сакрэтным спісе расейскіх спецслужбаў, у якім ёсць прозвішчы асобаў, якія падлягаюць знішчэнню.
«Планаў вяртацца ў Беларусь няма», — кажа сам Зянон Пазьняк: — Гэта правакацыя. Я пра гэта першы раз чую. Але я ведаю, што ў мае паштовыя скрынкі залазяць. Я часам атрымліваю спам са сваёй жа пошты. Таму ўвесь час хтосьці курыруе гэтай поштай, падрабляюць, рассылаюць бязглуздзіцу. Нават былі фіктыўныя інтэрнэт-старонкі, дзе нехта ад майго імя змяшаў там тэарэтычныя работы — нейкую лухту. Таму ўсё гэта — правакацыя. Ніякага дачынення я да гэтага не маю.
У рэдакцыі беларускіх СМІ 2 лютага прыйшоў электронны ліст нібы ад імя Зянона Пазняка, дзе той нібыта сцвярджае, што сітуацыя ў Беларусі выходзіць з-пад кантролю і ён мае намер вярнуцца ў краіну.