Заўзятар падаў у суд на падпалкоўніка міліцыі з-за вывядзення са стадыёна за шалік з «Пагоняй»

Заўзятар Сяргей Бахун падаў у суд на падпалкоўніка міліцыі Вячаслава Паўлаўца.

03.02.2016 / 08:02

Той самы шалік, фота з гандбольнага матча ў Мінску Міланы Харытонавай

Па словах заўзятара, 26 жніўня 2014 ён быў выведзены ў аддзяленне міліцыі на стадыёне падчас матчу БАТЭ - «Слован». Бахун сцвярджае, што міліцыя затрымала яго за з'яўленне на арэне з шалікам, на якім адлюстраваны герб «Пагоня».

Заўзятару падчас затрымання міліцыянты заявілі, што «Пагоня» з'яўляецца незарэгістраванай сімволікай. Мужчына выканаў патрабаванне прадстаўнікоў праваахоўных органаў і схаваў шалік.

Сяргей Бахун прыняў рашэнне падаць у суд на міліцыянта пасля таго, як кіраўнік МУС Ігар Шуневіч заявіў аб тым, што «Пагоня» не з'яўляецца забароненай сімволікай.

«Я хачу, каб суд прызнаў незаконнасць дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі. Каб суд гэта прызнаў і каб міліцыянты перада мной перапрасілі. У пісьмовай форме!».

«Трымалі для таго, каб начальнік змог прыйсці і правесці гутарку. Прыйшоў недзе праз гадзіну - Вячаслаў Паўлавец. Сказаў, што на маім шаліку «Пагоня», гэта незарэгістраваная сімволіка, калі не хачу праблем, то яе трэба схаваць пад куртку. Паспрачаўся трохі з ім. Але ў выніку я шалік схаваў пад куртку - у мяне жонка, дзіця. Не хацелася ехаць у пастарунак. Тады мяне пусцілі назад на трыбуну. Але матч ужо падыходзіў да канца», - сказаў Бахун.

На першае паседжанне міліцыянт не з'явіўся, спаслаўшыся на праходжанне навучання.

Суддзя Барысаўскага раённага суда прызначыў пасяджэнне з удзелам падпалкоўніка Паўлаўца і заўзятара Бахуна на 19 лютага. Бахун збіраецца прывезці на суд сведкаў, якія былі з ім на тым матчы.