Палесцінскія ісламісты з ХАМАС зрабілі ўласны «танк». Ізраіль «у істэрыцы»

03.02.2016 / 10:42

Баевікі ісламісцкага руху ХАМАС прадэманстравалі 31 студзеня «ўласнымі сіламі зроблены танк», быццам на аснове трафейнага танка Сіл абароны Ізраіля, захопленага два гады таму, паведаміў амерыканскі кансерватыўны партал theblaze.com

Аднак некаторыя назіральнікі, як палесцінскія, гэтак і ізраільскія, заўважылі, што з баявой машынай, якая, па словах прадстаўніка ХАМАС, пойдзе «шляхам джыхаду», нешта не тое.

Прэс-сакратар прем'ер-міністра Ізраіля Беньяміна Нетаньяху адзначыў, што гэта хутчэй драўляны макет танка, які стаіць на іншай машыне, колы якой бачныя на знятых зблізу фота.

Што датычыцца гарматы, то яна хутчэй за ўсё проста зроблена са звычайнай вадаправоднай трубы.

Канкуруючы з ХАМАС палесцінскі рух ФАТАХ назваў «твор» хамасаўцаў абсурднай спробай падняць дух жыхароў Сектара Газа, тэрыторыю якога кантраляюць ісламісты.

Аляксандр Гелагаеў