«За нашу і вашу cвабоду!». Dzieciuki запісалі сінгл да 270-годдзя Касцюшкі
04.02.2016 / 09:46
Напярэдадні выхаду новага альбома «Рэха» гродзенскі гурт прэзентаваў на Tuzin.fm песню «Тадэвуш Касцюшка».
Dzieciuki адмыслова падгадалі дату прэм’еры – менавіта 4 лютага 1746 году ў фальварку Мерачоўшчына, што на Берасцейшчыне, нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка – нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША. У яго гонар ставяць помнікі, называюць вуліцы, плошчы, паркі, масты, горы, нават востраў і горад былі названыя ягоным імём. Свой унёсак ва ўшанаваньне земляка робяць і гродзенскія музыкі. «Для нас Тадэвуш Касцюшка – увасабленне гонару і годнасці народа, які жыве на той самай зямлі, што дала яму жыцьцё. Гэты змагар-рамантык жыве ў кожным з нас – тых хто шукае лепшага і справядлівага», – заяўляе гурт Dzieciuki з нагоды прэм’еры песні.
«Тадэвуш Касцюшка» ўвойдзе ў новы альбом «Рэха», рэліз якога заплянаваны на канец лютага.
Ужывую «Касцюшку» ды іншыя песні гурту можа будзе пачуць падчас канцэрту «Даём рады» 27 лютага ў Мінску, а таксама на прэзэнтацыі альбому 12 сакавіка ў Беластоку.