Падчас працэсу па «справе графіцістаў» М.Шыцік і П.Сяргей падалі касацыйныя скаргі на пастановы суда
04.02.2016 / 11:03
Затрыманыя і збітыя падчас працэсу па «справе графіцістаў» Максім Шыцік і Павел Сяргей накіравалі касацыйныя скаргі на пастановы суда Фрунзенскага раёна Мінска аб прыцягненні іх да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
У скаргах актывісты звяртаюць увагу, што сваім пікетам у зале суда пратэставалі супраць пераследу грамадзян за выказванне іх перакананняў. Яны сцвярджаюць, што акалічнасці ўчыненага суддзя не ўстанавіла, тлумачэнні ад іх не атрымлівала.
Шыцік і Сяргей просяць адмяніць пастановы суда Фрунзенскага раёна Мінска ад 25 студзеня 2016 года і спыніць справы аб адміністрацыйных правапарушэннях.
«Мы напісалі заявы ў Следчы камітэт, схадзілі на медыцынскую экспертызу, якая ўстанавіла ў нас лёгкія цялесныя пашкоджанні, — паведаміў Шыцік. — Рэчы, у якіх мы былі на момант збівання, аддалі на судовую экспертызу. Я аддаў свой шалік, якім выціраў кроў з твару. Тыдні праз два, сказалі, будуць вынікі. Таксама у нас з Паўлам Дабравольскім адзін следчы, і нядаўна яго нам замянілі. Мы лічым, што гэта магло адбыцца пасля аднаго з інтэрв'ю, дзе Павел распавёў пра допыт у следчага і пра той ціск, які ён рабіў на нас. Здавалася, што мы не пацярпелыя, а быццам абвінавачаныя. І пасля таго як інфармацыя стала вядомай, нам даволі хутка прызначылі новага следчага. Спадзяемся, што крымінальная справа па факце нашага збівання будзе распачатая».
Нагадаем, 25 студзеня перад пачаткам судовага пасяджэння па «справе графіцістаў» Павел Сяргей і Максім Шыцік разгарнулі расцяжку з надпісам «Не палітычным пераследам». Пры гэтым актывісты крычалі: «Мастацтва не злачынства». Іх гвалтам вывелі з залы суда. Разам з імі быў затрыманы карэспандэнт партала tut.by Павел Дабравольскі. Адразу пасля затрымання ўсіх трох збілі ў суседнім пакоі, пасля чаго даставілі ў РУУС, склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, а затым прыгаварылі да штрафаў у тым жа судзе Фрунзенскага раёна на падставе арт. 17.1 (дробнае хуліганства) і арт. 23.34 (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы) КоАП.